Сьпікер Сейма Літвы павіншаваў беларусаў з нагоды юбілею незалежнасьці
Віншуючы беларускі народ з 35-й гадавінай Дэклярацыі незалежнасьці, старшыня Сейма Літвы Юозас Олекас 25 жніўня заявіў, што верыць у свабодную і дэмакратычную будучыню Беларусі:
«Мы шчыра верым, што надыдзе дзень, калі ў Беларусі будзе адноўлена вяршэнства права, народ краіны зможа абраць прэзыдэнта і парлямэнт на свабодных і справядлівых выбарах, і Беларусь стане паўнапраўным і паважаным сябрам эўрапейскай сям’і», — заявіў палітык, адкрываючы ў аўторак пазачарговую сэсію Сейма.
Паводле слоў Алекаса, гэты дзень — цудоўная магчымасьць яшчэ раз выказаць «рашучую падтрымку дэмакратычным сілам, пажадаць ім захаваць адзінства, цесна каардынаваць сваю дзейнасьць і быць як мага бліжэй да народа Беларусі».
Беларускі нацыянальны сьцяг у гэты дзень зьявіўся ў зале паседжаньняў Сейма Літоўскай Рэспублікі.
Дыскусія экспэртаў пра шляхі Літвы і Беларусі да незалежнасьці
Цэнтар «Эўрапейскі дыялёг» правёў сустрэчу экспэртнага клюба на тэму «35 гадоў дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі: два шляхі — Літва і Беларусь». Дыскусія прайшла ў офісе дэпутата Эўрапейскага парлямэнту ад Літвы Расы Юкнявічэне з удзелам беларусаў і літоўцаў.
Сярод іншых экспэрт Валер Карбалевіч зьвярнуў увагу, што гэты дзень не зьяўляецца сьвяточным у Беларусі:
«Беларусь ня мае сьвятаў, зьвязаных зь незалежнасьцю краіны, якія аб’ядноўвалі б усіх грамадзян, гэтыя сьвяты наадварот расколваюць грамадзтва. Цяперашняе афіцыйнае сьвята 3 ліпеня ўвогуле не прывязана да праблемы незалежнасьці краіны. Зьвязана гэта і з тым, што да моманту распаду СССР беларускае грамадзтва супраціўлялася рэформам, бо ў БССР у 1991 годзе савецкі лад яшчэ ня вычарпаў свой рэсурс».
У Беларускім доме ў Вільні прайшла сьвяточная вечарына
У віленскім Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры адбылася вечарына «Незалежнасьць — гэта...», прысьвечаная 35-годзьдзю наданьня канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.
Палітык, былы палітвязень Павал Севярынец, які адкрыў і вёў імпрэзу, назваў гэты дзень сьвятам аднаўленьня незалежнасьці Беларусі.
«Мы людзі, якія марылі пра незалежнасьць — і тады гэтая мара зьдзейсьнілася. Канечне, упершыню абвясьцілі незалежнасьць Беларусі 25 сакавіка 1918 году, але тады яна надоўга не затрымалася. Потым пра сувэрэнітэт БССР абвясьцілі 27 ліпеня 1990 году, але зноў сапраўднай незалежнасьці Беларусь не атрымала. І вось 35 гадоў таму Дэклярацыя пра сувэрэнітэт набыла статус канстытуцыйнага закону — і гэтак пачала стварацца незалежная Беларусь», — сказаў Севярынец.
Пра падзеі 25 жніўня 1991 году ўдзельнікам сустрэчы ў Беларускім доме распавёў у відэазвароце былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык. Паводле яго, на плошчы Незалежнасьці 25 жніўня было да 5 тысяч чалавек. Яны аказвалі істотны маральны ціск на камуністычную большасьць беларускага парлямэнту, але таксама спрацавала актыўнасьць дэпутатаў ад апазыцыі БНФ.
«Кульмінацыяй было вось што: на другі дзень сэсіі да трыбуны спусьціўся кіраўнік кампартыі БССР Малафееў, які лічыў сябе гаспадаром Беларусі. І тут мы — можа, чалавек 20-25 — паўскоквалі са сваіх месцаў, атачылі трыбуну і гэтак фактычна выштурхнулі Малафеева з трыбуны. А ішла наўпроставая трансьляцыя на плошчу.
Пасьля гэтага камуністы былі настолькі ў шоку, што праз хуткі час Дземянцей пайшоў у адстаўку. А потым, пасьля гістарычнага выступу Пазьняка, які папярэдзіў, чаго варта чакаць ад Ельцына, у залі паўстала такая цішыня, што я нават пачуў скрып тэлекамэры, калі яна паварочвалася. Пасьля выступае адзін старшыня партыйнага камітэту, потым другі, выступае прэмʼер Кебіч, які кажа, што падтрымае, — і адбываецца галасаваньне за незалежнасьць», — прыгадаў Сяргей Навумчык.
Былы дэпутат Вярхоўнага Савету аспрэчыў тэзу пра тое, што незалежнасьць на беларусаў звалілася зь неба.
«Гэта хлусьня. У гісторыі Беларусі не было пэрыяду, калі людзі не змагаліся за незалежнасьць», — сказаў Навумчык.
Для праваслаўнага сьвятара айца Георгія Роя дзень 25 жніўня 1991 году застаўся ў памяці дзякуючы сустрэчы дзядоў у роднай хаце.
«Мы жылі на Палесьсі. Памятаю, як тады ў нашай хаце сабраліся разам чатыры старыя — мой дзед і тры ягоныя браты. І дзед Сьцяпан падняўся і сказаў: «Браточкі, ці маглі мы марыць, што камуніст лясьне, і вось сапраўды дачакаліся! Як быў бы рады наш бацька! Такое сьвята», — згадаў пра 25 жніўня 1991 году Георгі Рой. Паводле яго, незалежнасьць краіны — вялікі дар, які трэба шанаваць, бо выжываньне народу наўпрост залежыць ад таго, ці здольны ён берагчы сваю ідэнтычнасьць.
Дакладна ў час, калі на гадзіньніку было 20 гадзінаў і 8 хвілін — час абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, удзельнікі вечарыны «Незалежнасьць — гэта...» зрабілі на памяць калектыўны фатаздымак.
Дэпутат Незалежнасьці Лявон Баршчэўскі згадаў падзеі 25 жніўня 1991-га
24 жніўня з публічнай онлайн-лекцыяй пра гісторыю жнівеньскіх дзён 1991 году выступіў дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі.
Ён распавёў, як праваліўся путч ГКЧП у Маскве, як людзі выйшлі на мітынг да будынку парлямэнту БССР і як ціснулі на дэпутатаў ад камуністычнай большасьці, якія законапраекты распрацоўвала фракцыя БНФ, як сышоў у адстаўку старшыня Вярхоўнага Савету Мікалай Дземянцей, а прэм’ер Кебіч падтрымаў курс на незалежнасьць, як прагаласавалі за наданьне канстытуцыйнага статусу Дэклярацыі і пра незалежнасьць БССР, і што рабіў дэпутат Лукашэнка.
Пра падзеі 25 жніўня 1991 году ён распавёў:
«Пайшлі дапрацоўкі фармулёвак. Было складана, бо мы хацелі ўкласьці туды паболей, вырашыць пытаньне з войскам, з сымболікай. Але гэтыя старыя камуністы сказалі: ну давайце адкладзем, мы ўжо такія стомленыя, ужо два дні працуем. На наступнай сэсіі ўсё прымем.
І апошняе галасаваньне, калі канчаткова прынялі фармулёўку закону аб наданьні дэклярацыі аб незалежнасьці канстытуцыйнага статусу, адбылося ў 20 гадзін 8 хвілін і прагаласавалі за яго аднагалосна. 256 чалавек. Было ўсяго, пэўна, дзесьці чалавек 280-290 дэпутатаў, але астатнія, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка, яны не галасавалі. Пасьля абеду яны не рэгістраваліся. У залі шмат хто зь іх быў, але яны чакалі, што будзе і як. Таму галасаваньня супраць не было ніводнага голасу і ніхто не ўстрымаўся».
Форум