Італія праверыць, як атрымаў яе візу падазраваны ў дывэрсіі ў нямецкім Ляйпцыгу беларус

Дрон у аэрапорце Ляйпцыг/Гале

МЗС Італіі правядзе праверку выдачы візы ў Менску праз сваю амбасаду.

Пасьля праверкі стане зразумела, якім чынам выдалі візу падазраванаму ў дывэрсіі ў Ляйпцыгу. Пра гэта заявіў міністар замежных спраdfў краіны Антоніё Таяні.

«Будзе расьсьледаваньне. Аднак усё гэта пацьвярджае, што краіны... спрабуюць чыніць захады супраць ЭЗ, нават выкарыстоўваючы людзей, раней ня суджаных і не пад падазрэньнем. Менавіта таму, калі я кажу, што мы мусім заставацца напагатове, я кажу гэта паважна, бо ведаю, якія мэтады яны выкарыстоўваюць. Я ведаю, якія інструмэнты гэтыя краіны ўжывалі заўсёды, нават у мінулым, і таму мы павінны надалей быць пільнымі», — цытуе яго Euractiv.

Што адбылося

Інцыдэнт з выяўленьнем дрона ў аэрапорце Ляйпцыгу быў 4 жніўня. Ён парушыў расклад рэйсаў. Нямецкія ўлады заявілі, што гэта частка доўгатэрміновай кампаніі дэстабілізацыі Эўропы.

Урад Нямеччыны ў адказ закрыў расейскае консульства ў Боне і скасаваў арэнду для расейскага культурнага цэнтру ў Бэрліне.

Расея адмаўляе абвінавачаньні нямецкага боку. Прэс-сакратарка Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава заявіла, што «Масква адкажа на ўсе антырасейскія рашэньні».

Пры гэтым ужо на пачатку верасьня ў Нямеччыне адбыліся яшчэ два здарэньні, у якіх нямецкія ўлады падазраюць дывэрсію і маскоўскі сьлед. Раніцай 1 верасьня невядомыя ўчынілі кароткае замыканьне на падстанцыі каля польскай мяжы, а ўвечары — у Бэрґгайме пад Кёльнам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мужчыну зь Беларусі» падазраюць у датычнасьці да дывэрсіі ў аэрапорце Ляйпцыгу

Хто пад падазрэньнем

Першым падазраваным лічыцца ураджэнец Расеі з латвійскім пашпартам. Сьцьвярджаюць, што ён зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі. Паводле сьледзтва, у канцы ліпеня ён прыляцеў у Бэрлін, на арандаванай машыне прыехаў у Ляйпцыг і за два дні да няўдалай дывэрсіі пакінуў Нямеччыну праз той самы бэрлінскі аэрапорт.

«Мужчыну зь Беларусі» вылічылі па сьлядах ДНК, якія знайшлі на адным з дронаў, на бляшанцы ад кансэрваў, напоўненай выбухоўкай, а таксама на антэне, прымацаванай да дрэва каля аэрапорту. Супадзеньні знайшліся ў базах Літвы і Фінляндыі, дзе падазраваны, відаць, ужо трапляў у поле зроку праваахоўных органаў за іншыя злачынствы.

Адзначаецца, што ён мае таксама расейскі пашпарт, а прыехаў з італьянскай турыстычнай візай, атрыманай у Менску вясной.

Што папярэднічала

Апошнімі гадамі краіны Эўрапейскага Зьвязу ня раз фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў на прамысловых і лягістычных аб’ектах. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі, расейскія агенты

  • зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
  • парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
  • пранікаюць у лічбавыя сеткі,
  • сочаць за вайсковымі аб’ектамі,
  • учыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.

Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.

Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Удзел замежнай выведкі і наўмысны падпал — пракуратура ў Польшчы завяла справу пасьля пажару на заводзе дронаў