Сьледчыя ўпэўненыя, што ведаюць, хто быў лягістам і інструктарам заплянаванага нападу ў Ляйпцыгу. Пра гэта даведаліся газэта Süddeutsche Zeitung і тэлерадыёкампаніі NDR і WDR.
Першым падазраваным лічыцца ураджэнец Расеі з латвійскім пашпартам. Сьцьвярджаецца, што ён зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі. Паводле сьледзтва, пры канцы ліпеня ён прыляцеў у Бэрлін, на пракатнай машыне прыехаў у Ляйпцыг і за два дні да няўдалай дывэрсіі пакінуў Нямеччыну з таго самага бэрлінскага аэрапорт.
«Мужчыну зь Беларусі» ж вылічылі па сьлядах ДНК, якія знайшлі на адным з дронаў, на бляшанцы ад кансэрваў, напоўненай выбухоўкай, а таксама на антэне, прымацаванай да дрэва каля аэрапорту. Супадзеньні знайшліся ў базах Літвы і Фінляндыі, дзе падазраваны, відаць, ужо трапляў у поле зроку праваахоўных органаў за іншыя злачынствы.
Адзначаецца, што ў яго таксама ёсьць расейскі пашпарт, а прыехаў ён з італьянскай турыстычнай візай, атрыманай у Менску вясной.
Сьледчыя сумняваюцца, што падазраваных удасца прыцягнуць да адказнасьці, бо наўрад яны вернуцца ў ЭЗ.
4 жніўня 2026 году супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому. МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею.
14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.
Чаму гэта важна
За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты
- зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
- парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
- пранікаюць у лічбавыя сеткі,
- сочаць за вайсковымі аб’ектамі
- і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.
Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.
Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.
Форум