Ціханоўская заклікала не спыняць санкцый супраць беларускага спорту, бо ён служыць прапагандзе ўладаў

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

На думку палітыка, санкцыі павінны заставацца. Ціханоўская заклікала дыпляматаў дзяржаваў Эўразьвязу не зьніжаць ціску на Лукашэнку.

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што міжнародныя санкцыі на беларускіх спартоўцаў маюць захоўвацца, бо ўладны рэжым выкарыстоўвае спорт для прапаганды.

«Я лічу, што ўсё гэта палітыка. Нельга сказаць, што спорт ці нешта яшчэ з гэтым не зьвязана. Рэжым выкарыстоўвае міжнародныя арганізацыі для распаўсюду сваёй прапаганды. Яны выкарыстоўваюць спартоўцаў для праслаўленьня свайго рэжыму», — сказала яна ў інтэрвію літоўскаму парталу 15min.

Ціханоўская дадала, што міжнародныя арганізацыі павінны грунтаваць сваю палітыку на каштоўнасьцях.

«Калі ў краіне адбываюцца рэпрэсіі, калі краіна пачала вайну супраць іншай краіны, павінны дзейнічаць усе абмежаваньні», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Пры гэтым розныя спартовыя арганізацыі ня маюць адзінай пазыцыі наконт вяртаньня прадстаўнікоў Беларусі і Расеі на міжнародныя спаборніцтвы.

Што папярэднічала заяве?

Міжнародная фэдэрацыя баскетболу (FIBA) напярэдадні абвясьціла пра скасаваньне забароны на індывідуальны ўдзел расейскіх і беларускіх баскетбалістаў, а таксама іншага пэрсаналу ў міжнародных спаборніцтвах FIBA.

Рашэньне прынялі пасьля таго, як Міжнародны алімпійскі камітэт у траўні зьняў абмежаваньні для беларускіх спартоўцаў, а ў ліпені скасаваў адхіленьне Алімпійскага камітэту Расеі.

У сьнежні FIBA прыме рашэньне аб допуску расейскіх і беларускіх клюбаў і нацыянальных зборных да сваіх турніраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь беларускіх баскетбалістаў зьнялі санкцыі, а лыжнікаў дапусьцілі да спаборніцтваў у нэўтральным статусе

Сустрэча Ціханоўскай з дыпляматамі

Тым часам у Вільні прайшла сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з дыпляматамі 17 дзяржаваў Эўразьвязу. Яе зладзіла амбасада Ірляндыі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ.

Ціханоўская прэзэнтавала вынікі канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь», якая адбылася ў жніўні ў Варшаве, расказала аб захадах дзеля вызваленьня палітвязьняў і аб супрацы з Украінай.

«Мы не павінны забываць, што рэпрэсіі працягваюцца. Таму просім нашых эўрапейскіх партнэраў захаваць ціск і не зьмякчаць яго, пакуль мы ня ўбачым сыстэмных зьменаў. Мы не павінны паддавацца шантажу Лукашэнкі ў дачыненьні да Эўразьвязу», — падкрэсьліла Ціханоўская, словы якой на сустрэчы прыводзіць «Позірк».

Там жа Ціханоўская паведаміла пра рыхтаваньне ірляндзка-беларускай канфэрэнцыі, прысьвечанай нацыянальнай тоеснасьці, культуры і мэдыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У чаканьні «акна магчымасьцяў». Што паказала канфэрэнцыя «Новая Беларусь»