Адпаведнае распараджэньне ўручыў міністру ўнутраных справаў Івану Кубракову дзяржсакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.
Асноўную ўвагу нададуць пытаньням баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці ўнутраных войскаў, сказаў Вальфовіч, у тым ліку «адмабілізаваньню і даўкамплектаваньню да штатаў ваеннага часу».
«Паглядзім, як ва ўнутраных войсках укаранёны досьвед „спэцыяльнай вайсковай апэрацыі“ і іншых сучасных канфліктаў, — заявіў ён. — Задачы для ўнутраных войскаў спэцыфічныя: гэта перадусім забесьпячэньне грамадзкага парадку на тэрыторыі нашай краіны ва ўмовах дэстабілізацыі абстаноўкі. Каб умовы былі максымальна набліжаныя да баявых, да праверкі будуць прыцягнутыя войскі абазначэньня».
З 24 жніўня ў поўную баявую гатоўнасьць прыведзена 51-я артылерыйская брыгада з Асіповічаў.
Унутраныя войскі актыўна выкарыстоўваліся для задушэньня масавых пратэстаў у 2020 годзе, прыцягваліся да разгону вулічных акцыяў і ў ранейшыя гады, піша «Позірк».
З канца 2022 году ў складзе ўнутраных войскаў МУС актыўна ствараюцца новыя спэцпадразьдзяленьні, перадусім з кантрактнікаў, якія раней служылі ва ўнутраных войсках. Трэніроўкай байцоў спэцатрадаў унутраных войскаў займаліся дзейныя і былыя найміты расейскай ПВК «Вагнэр».
Тэрмінам «спэцыяльная вайсковая апэрацыя» («СВА») расейскія, а ўсьлед за імі беларускія ўлады і прапагандысты называюць поўнамаштабную агрэсію РФ супраць Украіны, распачатую ў лютым 2022 году. Менск у ёй падтрымлівае Маскву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міліцыянты Менскай вобласьці два дні вучыліся разганяць пратэстыШто папярэднічала і чаму гэта важна
Сёлета па ўсёй краіне праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.
Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта аніразу ня мела пацьверджаньня.