«У Беларусі можна зарабіць больш». Польскія фэрмэры ўзялі ў арэнду 26 тысяч гектараў зямлі пад Слонімам. Што з гэтага атрымалася?

Мацей Петшак

Каманда польскага мэдыяпраекту Agro Profil, прысьвечанага сельскай гаспадарцы, апублікавала больш як гадзінны ролік пра падарожжа ў Беларусь. Яго ўжо паглядзелі больш за 230 тысяч разоў. У Беларусі аўтары каналу наведалі гаспадарку «Родан Агра» у Слонімскім раёне, якой кіруюць грамадзяне Польшчы.

Бартламей Арданік — фэрмэр у трэцім пакаленьні. Ён вёў пасьпяховую гаспадарку ў Польшчы, але пасьля таго, як яму не працягнулі арэнду зямлі, вырашыў шукаць прастору для бізнэсу за ўсходняй мяжой. Спачатку быў Казахстан, але падчас пандэміі езьдзіць туды стала цяжэй. Апрача таго, паводле Арданіка, яму прапанавалі там не да канца празрыстыя схемы. Юрыстка параіла фэрмэру пацікавіцца Беларусьсю. Арданік так і зрабіў і прыйшоў да высновы, што там такія ж магчымасьці, як у Польшчы ў 2000-х.

«Я люблю чыстыя правілы гульні. І менавіта гэта я ўбачыў у Беларусі. Усё можна салідна прапісаць у дамове. Сыстэма тут такая, як калісьці ў Польшчы. Зямля і гаспадаркі належыць дзяржаве. І дзяржава проста прыватызуе гэтыя гаспадаркі. Каля 25% беларускіх гаспадарак стратныя і ім даюць другі шанец праз прыватызацыю». — кажа Арданік.

Бартломей Арданік

У Беларусі з 1400 гаспадарак каля 300 не прыносяць прыбытку, тлумачаць аўтары роліку. І дзяржава шукае для іх інвэстараў. Арданіку з напарнікамі ўдалося набыць такім чынам чатыры гаспадаркі і ўзяць у арэнду зямлю на 99 год. Іх агульная плошча — больш за 26 тысяч гектараў. Разам з зямлёй палякі атрымалі ў спадчыну ад калгасу 3300 кароў. Малако — гэта профіль гаспадаркі. Сёньня ў гаспадарцы «Родан Агра» працуе 460 рабочых.

«Самым складаныя было матываваць людзей, каб яны працавалі тут, як у сябе дома. Раней яны працавалі ў гаспадарках-банкрутах і мусілі самі дбаць пра талерку супу. Цяжка было патлумачыць, што цяпер нельга красьці і піць. Але мы паабяцалі, што за добрую працу мы будзем годна плаціць». — кажа Бартломей Арданік.

Рабочых у гаспадарку шукаюць і сёньня. Заробкі трактарыстаў пачынаюцца ад 2500 рублёў, заатэхніка — ад 3000, электразваршчыка — ад 2200, сьлесара — ад 2000. На Слонімшчыну прыехалі польскія спэцыялісты, якія заняліся трансфармацыяй і павышэньнем эфэктыўнасьці.

«У Беларусі нікога не цікавіць колер скуры інвэстара. Павінна рабіцца праца, людзі павінны добра зарабляць, а каровы павінны быць накормленыя. Павінен быць вынік». — гаворыць паляк.

Паводле Арданіка, палякі ўспрымаюць Беларусь як дзікую краіну. Калі людзі пытаюцца ў яго пра вырашэньне справаў пры дапамозе хабараў, ён адказвае, што ні з чым такім у Беларусі не сутыкаўся. Наадварот, мясцовыя раяць ніколі такога не рабіць. Беларусь, паводле яго, празьмерна адчувальная, каб усё было афіцыйна. Нават калі вы перавысілі хуткасьць на аўтамабілі, ня ўздумайце прапаноўваць міліцыянту хабар, гэта можа кепска скончыцца, кажа польска-беларускі фэрмэр.

На пытаньне, дзе можна больш зарабіць, ён адказвае:

«У Беларусі ўсё таньнейшае, а найперш цэны сельскагаспадарчай вытворчасьці. Паліва каштуе менш за 3 злотыя, навоз можна купіць за 50% польскіх цэнаў. А калі мы кажам пра цэны продажу прадкцыі, то гэта 70% польскай цаны».

Сярод праблемаў ён пералічвае санкцыі Эўразьвязу, пагоршаную праз гэта лягістыку, кепскі доступ да запчастак.

«Але ўсе працуюць выдатна. Мы навучылі людзей, што можна працаваць цэлыя суткі, калі цёмна, то можна запаліць лямпачку. Работы поўна. Працуюць і нашыя начальнікі. Калі трэба, сядуць і ў трактар, і падояць карову. Мы паказалі рабочым, што кіраўнік ня толькі ходзіць у белай кашулі, а што ён сам ведае, што трэба зрабіць, што можа адзець гумовыя боты і пайсьці працаваць». —расказвае фэрмэр.

Калі пяць год таму Арданік пачаў весьці гаспадарку, то адна карова давала 4-5 літраў малака за дзень. Сёньня каровы на яго фэрме даюць па 30 літраў. Чаму да палякаў вынікі былі такія сьціплыя? Аўтары роліку называюць некалькі прычынаў: слабая генэтыка, сур’ёзныя праблемы з узнаўленьнем статка і, нарэшце, недастатковай увагай да якасьці корму.

У першы год гаспадараньня ў яго было 450 гектараў рапсу з ураджайнасьцю менш за 1 тону з гектара. Сёньня гэта 4000 гектараў з ураджайнасьцю 3,5 тоны. Чаму? Адна з прычын у тым, што падчас калгаснай эры палі ў гэтай гаспадцы былі зарослыя пустазельлем. Палякі распачалі зь ёй вельмі інтэнсіўную барацьбу.

Асноўная спэцыяльнасьць гаспадаркі палякаў — малако і мяса. Экспартаваць збожжа зь Беларусі, паводле польскіх фэрмэраў, складана, паколькі праз санкцыі зачыненыя парты ў суседніх Латвіі і Літве. Афрыканская чума сьвіней не спрыяе сьвінагадоўлі. Яны вырошчваюць і лён, але гэта хутчэй сымбалічныя плошчы. Беларусь палякі называюць малочнай краінай, у год у краіне прадукуюць 9 млн тонаў малака. У Польшчы, дзе насельніцтва больш як у чатыры разы, 15 мільёнаў.

«Колькасьць кароў і малочных фэрмаў у Беларусі ўвесь час павялічваецца. Для нас гэта галіна, якая аплочваецца. Мы, як прыватная гаспадарка, маем лепшыя ўмовы, чым дзяржаўныя фірмы, бо прадаем прадукцыю туды, куды самі пажадаем». — расказвае напарнік Арданіка Мацей Петшак.

«Я не вучыўся ў сельскагаспадарчай школе. Мой тата калісьці тлумачыў мне, што сельская гаспадарка вельмі простая. Каб быў посьпех, трэба зрабіць тры рэчы: своечасова, добра і танна. Я імкнуся рэалізаваць гэтае правіла». —гаворыць Бартломей Арданік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь у ШАС: альтэрнатыва Захаду ці імітацыя вялікай палітыкі?