У Эстоніі выбралі новую прэзыдэнтку — папярэднік вырашыў не выстаўляць кандыдатуру на другі тэрмін

Прэзыдэнтка Эстоніі Юльле Мадысэ

Новай прэзыдэнткай стала юрыстка, амбудсмэн у правах чалавека.

2 верасьня парлямэнт Эстоніі выбраў канстытуцыйную юрыстку Юльле Мадысэ прэзыдэнткай краіны, піша Reuters.

У Эстоніі прэзыдэнт — гэта пераважна цырыманіяльная пасада, асноўную ролю ў вызначэньніпалітыкі дзяржавы тут належыць парлямэнту — Riigikogu, што перакладаецца з эстонскай як «Дзяржаўны сход».

51-гадовая Мадысэ — амбудсмэн у правах чалавека Эстоніі з 2015 году. Яна будзе займаць пасаду прэзыдэнткі на працягу наступных пяці гадоў.

Эстонія — адна з самых рашучых прыхільніц Украіны і крытыкаў Масквы сярод удзельнікаў NATO і Эўрапейскага зьвязу. Яна стала адной з галоўных у пытаньні вайсковых выдатках у абодвух альянсах, выдаткаваўшы сёлета 5,4% валавога ўнутранага прадукту на абарону. Мадысэ таксама бачыць у палітыцы Масквы пагрозу і засьцерагае суайчыньнікаў і Паўночнаатлянтычны альянс ад пагрозы разрастаньня вайны ў выніку дзеяньняў Расеі.

Мадысэ балятавалася без канкурэнцыі пасьля таго, як ні адзін з іншых палітыкаў не атрымаў дастатковай парлямэнцкай падтрымкі для рэгістрацыі.

Яна зьмяніла на пасадзе Алара Карыса, які ня выставіў сваёй кандыдатуры на другі тэрмін. Юльле Мадысэ — другая ў гісторыі незалежнай Эстоніі жанчына на прэзыдэнцкай пасадзе. Першай была Керсьці Кальюлайд, якая займала гэтую пасаду з 2016 па 2021 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Свабода атрымала дакумэнт, які сьведчыць пра занепакоенасьць краін Балтыі магчымым расейскім уварваньнем

Папярэдні прэзыдэнт і Беларусь

У час Алара Карыса на пасадзе Эстонія падтрымлівала беларускую дэмакратычную супольнасьць. Сярод іншага, Карыс сустракаўся зь Сьвятланай Ціханоўскай, яна прыяжджала ў Талін.

У ліпені 2024 году Карыс узяў удзел у адзначэньні дня каранацыі Міндоўга. У час выступу на цырымоніі эстонскі прэзыдэнт выказаў спадзеў, што і ў Беларусі ў хуткім часе загучыць менавіта нацыянальны гімн. У той цырымоніі ўзялі ўдзел і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Вільні з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Таліне Ціханоўскай уручылі копію граматы аб прызнаньні незалежнасьці Эстоніі Радай БНР. ФОТА