У Каленкавічах загінулі трое рабочых водаканалу

Здымак зь месца надзвычайнага здарэньня

Сьмяротнае здарэньне адбылося 1 верасьня.

1 верасьня ў Каленкавічах на Гомельшчыне трое работнікаў прадпрыемства «Каленкавічыводаканал» загінулі падчас працы ў каналізацыйнай шахце, паведаміла прэс-служба Сьледчага камітэту.

Работнікі — 44-гадовы начальнік участку і два сьлесары 43 і 37 гадоў — у каналізацыйнай шахце зь сьцёкавымі водамі ачышчалі «кошыкі-пасткі» ад бытавога сьмецьця.

У нейкі момант яны перасталі выходзіць на сувязь. Калега, які прыехаў на месца, убачыў у памяшканьні помпавай станцыі асабістыя рэчы працаўнікоў, а ў студні — ліхтарык. Ён паведаміў аб здарэньні кіраўніцтву, якое выклікала МНС.

Ратаўнікі дасталі з каналізацыйнай шахты целы трох мужчынаў.

Сьледчыя агледзелі месца здарэньня, узялі пробы сьцёкавых водаў і паветра з шахты, а таксама дакумэнтацыю ў ахове працы і тэхніцы бясьпекі. Для высьвятленьня дакладнай прычыны сьмерці работнікаў прызначаныя судова-мэдычныя экспэртызы.

Сьмерці на вытворчасьці

У Беларусі нярэдка адбываюцца сьвяротныя выпадкі на працы. Толькі за тры летнія месяцы ў Салігорску на прадпрыемстве «Беларуськалій» загінулі трое рабочых — 11 чэрвеня, 6 і 17 жніўня.

У лютым у Касьцюковічах падчас працы загінуў 33-гадовы электрагазазварнік.

Меней за год таму загіунў рабочы пад Каленкавічамі. 6 верасьня 2025 году 66-гадовы кіроўца сельгаспрадпрыемства быў сьмяротна паражаны электрычным токам, закрануўшы кузавам МАЗа лінію электраперадачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На «Беларуськаліі» зноў загінуў рабочы. Гэта трэці выпадак з чэрвеня