Атака стала адказам на спробы Ірану напасьці на гандлёвыя судны ў Армускай пратоцы і пазыцыі амэрыканскіх вайскоўцаў у рэгіёне, паведаміла Цэнтральнае камандаваньне ЗША ў сацыяльнай сетцы X.
Паводле іранскіх дзяржаўных мэдыя, выбухі прагрымелі на востраве Кешм у Армускай пратоцы, а таксама ў партовых гарадах Бэндэр-Абас і Чабахар на поўдні краіны.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп удакладніў, што атака стала адказам на спробы Ірану ўсталяваць марскія міны ў Армускай пратоцы. Паводле яго, Тэгеран сутыкнецца з «значна больш жорсткімі і маштабнымі» атакамі, калі нанясе ўдар у адказ.
Ён дадаў, што ў Армускай пратоцы «цяпер няма мінаў», бо іх «цалкам выдалілі або падарвалі», і заявіў, што ўсе восем ракет, выпушчаных Іранам па амэрыканскай базе, былі пасьпяхова зьбітыя.
Трамп папярэдзіў, што калі Іран адкажа на тое, што ён назваў «цалкам апраўданай атакай», па ім зноў нанясуць удар — «значна больш моцны і маштабны». Ён дадаў, што яшчэ большы ўдар «чакае свайго часу», і прыгразіў, што пасьля яго «ад Ісламскай Рэспублікі Іран застанецца вельмі мала».
Раней у той жа дзень амэрыканскія вайскоўцы паведамілі, што нанесьлі ўдары па цэлях у Іране, а іранскія мэдыя паведамілі пра выбухі ў двух партовых гарадах краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як Кітай, Расея, Іран і Паўночная Карэя стварылі нефармальны саюз, каб супрацьстаяць ЗША і заходнім дэмакратыям1 верасьня прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян заявіў пра гатоўнасьць неадкладна аднавіць выкананьне ўмоваў мірнага мэмарандуму, калі Злучаныя Штаты вернуцца да выкананьня дамоўленасьцяў, дасягнутых у Ісламабадзе.
31 жніўня ЗША нанесьлі ўдар па дзьвюх пускавых устаноўках КСІР на іранскім востраве Ларак. КСІР паведаміў пра загінулых і параненых сярод сваіх вайскоўцаў і цывільных. Іран заявіў пра атаку на авіябазу Аль-Мінхад у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе разьмешчаныя амэрыканскія вайскоўцы.
Раней міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт анансаваў новыя санкцыі супраць банкаўскага сэктару Ірану і замежных актываў КСІР. Ён згадаў банкаўскія рахункі на Брытанскіх Віргінскіх астравах. Акрамя таго, ён абвясьціў, што ЗША будуць уводзіць другасныя санкцыі супраць любых кампаніяў і фізычных асобаў, якія маюць эканамічныя адносіны з іранскім рэжымам. Улады Ірану назвалі гэта «эканамічным тэрарызмам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
6 месяцаў пасьля вайны з Іранам: чатыры пытаньні, ад якіх залежыць, што будзе далейВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
8 красавіка ўступіла ў сілу замірэньне, але ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі працягваюцца спарадычныя выпадкі гвалту, у тым ліку напады на караблі з боку тэгеранскіх сілаў, як і ўдары ЗША па Іране. Пазьней замірэньне некалькі разоў працягвалі, але штораз парушалі. Адносны спакой наступіў у чэрвені 2026 году, але 25 чэрвеня іранскія сілы атакавалі некалькі караблёў у Армускай пратоцы, якія эвакуавалі зь небясьпечнай зоны.