На ўсходзе Нямеччыне раніцай у аўторак выбухам пашкодзіла некалькі лініяў электраперадачы, спынялася падача электрычнасьці, паведамілі ўлады.
Некалькі самаробных выбуховых прыладаў знайшлі каля 9-й гадзіны менскага часу на падстанцыі непадалёк ад электрастанцыі Еншвальдэ, паведаміла AFP прадстаўніца паліцыі.
Прынамсі адна прылада выбухнула, іншыя не спрацавалі, сказала яна. Паводле яе, ніхто не пацярпеў, а маштабнага адключэньня электрычнасьці не адбылося.
Лужыцкая энэргетычная кампанія LEAG назвала здарэньне «нападам». Пасьля інцыдэнту на адным з энэргаблёкаў электрастанцыі адбыўся «тэхнічны збой», і цяпер высьвятляецца, ці быў ён зьвязаны з нападам, паведаміла кампанія.
Прэм’ер зямлі Брандэнбург, дзе адбыўся інцыдэнт, адзначыў, што падобныя выпадкі адбываюцца з «трывожна высокай частатой»:
«Той, хто спрабуе сабатаваць нашу крытычную інфраструктуру і паралізаваць грамадзтва, нападае на ўсіх нас. Але мы не дазволім шантажаваць або запалохваць сябе злачыннымі дзеяньнямі», — заявіў Дытмар Войдке.
У камэнтары выданьню Focus прадстаўнік апэратара паведаміў, што пры нападзе выкарысталі самаробныя снарады, падобныя да фаервэркаў, якія ў Нямеччыне звычайна запускаюць у навагоднюю ноч.
Мясцовая газэта Maerkische Allgemeine Zeitung паведаміла, што яны нагадвалі вялікія самаробныя мадэльныя ракеты.
Гэта адзін з шэрагу інцыдэнтаў на электралініях Нямеччыны
Самы значны зь іх адбыўся ў студзені. Тады частка Бэрліну на тыдзень засталася без электрычнасьці сярод зімы пасьля падпалу высакавольтных кабэляў. Адказнасьць за дывэрсію ўзяла на сябе ультралевая групоўка Vulkangruppe. Яна таксама заявіла пра арганізацыю дзьвюх дывэрсій супраць заводу электрамабіляў Tesla непадалёк ад Бэрліну.
Нямеччына абвінаваціла Расею ў спробе дывэрсіі ў аэрапорце Ляйпцыгу
Сёньня ж МУС і МЗС Нямеччыны ўсклалі адказнасьць на Расею за спробу дывэрсіі з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў у аэрапорце Ляйпцыгу 4 жніўня.
Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёган Вадэфуль заявіў, што ў адказ на дывэрсію не пазьней, як 18 верасьня будзе закрытае расейскае консульства ў Боне. Таксама спыніць працу «Рускі дом» у Бэрліне. Акрамя таго, для расейцаў зробяць больш жорсткімі правілы ўезду ў краіну.
Вадэфуль дадаў, што канструкцыя бесьпілётніка, яго кампанэнты, выбуховыя рэчывы і сыстэмы дэтанацыі цалкам супадаюць з узорамі, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны і ў іншых гібрыдных апэрацыях.
Міністар унутраных справаў Аляксандар Добрынт выказаў меркаваньне, што Нямеччына стане мэтай далейшых гібрыдных атак з боку Расеі.
Генэральны сакратар НАТО Марк Рутэ заявіў, што альянс выказвае поўную салідарнасьць зь Нямеччынай пасьля гібрыднай атакі Расеі ў Ляйпцыгу 14 жніўня. Паводле Рутэ, доказы датычнасьці Масквы да інцыдэнту ў Ляйпцыгу не выклікаюць сумневаў. Ён падкрэсьліў, што альянс будзе і далей умацоўваць абарону для аховы ўсіх саюзьнікаў ад падобных пагрозаў, і дадаў, што НАТО працягне падтрымліваць Украіну.
Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен таксама заявіла пра салідарнасьць зь Нямеччынай. «Расея імкнецца пасеяць недавер і страх у нашых грамадзтвах. Але ёй гэта не ўдасца. І мы будзем падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца», — напісала яна ў сацыяльнай сетцы X.
Кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Кая Калас заявіла, што гібрыдныя атакі Расеі ня спыняць падтрымку Ўкраіны Эўрапейскім зьвязам.
Прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Расея адкажа Нямеччыне на закрыцьцё консульства і «Русского дома», паведаміў РБК.
Што папярэднічала
За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты
- зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
- парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
- пранікаюць у лічбавыя сеткі,
- сочаць за вайсковымі аб’ектамі
- і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.
Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.
Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Славаччыне прадухілілі дывэрсію на заводзе дронаў. Якія яшчэ рэзанансныя інцыдэнты былі апошнім часамХроніка рэзанансных інцыдэнтаў
2023 год. У Польшчы выкрылі агентурную сетку, якая працавала на расейскія спэцслужбы: назірала за чыгуначнымі маршрутамі і крытычнай інфраструктурай ды рыхтавала дывэрсіі.
Сакавік-2024. У Лёндане падпалілі склад з гуманітарнай дапамогай і абсталяваньнем Starlink для Ўкраіны.
Красавік-2024. Падпал будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве. Польская пракуратура назвала гэта актам сабатажу на замову расейскай выведкі. У Нямеччыне ў тым жа месяцы затрымалі двух нямецка-расейскіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дывэрсій.
Травень-2024. Падпал IKEA ў Вільні і гандлёвага цэнтру Marywilska ў Варшаве. Паводле сьледчых, за падапаламі стаіць арганізаваная сетка, створаная ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў. Тая ж сетка рыхтавала падпал IKEA ў Рызе, але выканаўцу затрымалі да нападу. У тым жа месяцы былі падпаленыя два склады будаўнічых матэрыялаў — у Варшаве і Радаме. Агенцыя ўнутранай бясьпекі заявіла, што выканаўца атрымліваў інструкцыі ад асобы, зьвязанай з расейскімі спэцслужбамі.
Ліпень-2024. У трох краінах Эўропы адбылася сэрыя ўзгараньняў пасылак з запальнымі прыладамі: у Ляйпцыгу, у грузавіку ў Польшчы і на складзе DHL у Бірмінгеме. Яшчэ адна прылада ў Польшчы не спрацавала». Паводле літоўскай пракуратуры, апэрацыю арганізоўвалі і каардынавалі грамадзяне Расеі, зьвязаныя з расейскай выведкай.
Лістапад-2025. На чыгунцы Варшава — Люблін, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.
Сьнежань-2025. Польшча зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.
4 жніўня 2026 году. Супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому.
14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.
21 жніўня стала вядома, што ў лесе пад Бэрлінам яшчэ год таму знайшлі схаваную зброю, якая магла прызначацца для расейскіх агентаў. Нямецкія спэцслужбы з таго часу назіралі за гэтым месцам, аднак за год па зброю ніхто не прыйшоў. Süddeutsche Zeitung піша, што ўвосень 2025 году ў Румыніі затрымалі падазраванага ў датычнасьці да арганізацыі гэтага схову.
25 жніўня на ўсходзе Славаччыны прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці дронаў. Затрыманыя трое замежнікаў.
31 жніўня у Польшчы адбыўся пажар на заводзе дронаў. Пракуратура ўсчала справу «паводле факту ўдзелу ў дзейнасьці замежнай выведкі супраць Рэспублікі Польшча і ўчыненьня злачынства тэрарыстычнага характару».
Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.