Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славаччыне прадухілілі дывэрсію на заводзе дронаў. Якія яшчэ рэзанансныя інцыдэнты былі апошнім часам

Славацкая паліцыя, архіўнае фота
Славацкая паліцыя, архіўнае фота

Супрацоўнікі славацкага Ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю прадухілілі спробу падпалу заводу па вытворчасьці бесьпілётных лятальных апаратаў на ўсходзе краіны. Затрыманыя трое замежнікаў, паведаміла паліцыя Славаччыны.

Дваіх затрымалі на тэрыторыі Славаччыны, трэцяга — у Нямеччыне. Іхныя імёны і грамадзянства не раскрываюцца.

У затрыманых канфіскавалі запальную сумесь з бэнзіну і полістыролу (самаробны аналяг напалму), інструмэнты, тэлефоны, экшн-камэру і намаляваны ад рукі плян аб’екта.

Падчас плянаванага нападу на прадпрыемстве было каля 70 супрацоўнікаў, а кошт маёмасьці ў цэхах ацэньваецца ў дзясяткі мільёнаў эўра. Ніхто не пацярпеў, матэрыяльнай шкоды прадпрыемству таксама не нанесена. Назва прадпрыемства і ягонае месцазнаходжаньне не раскрываюцца.

Затрыманых абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўчыненьня злачынства, якое стварае агульную пагрозу, у складзе групы і паводле папярэдняй замовы.

Што папярэднічала

За апошнія гады краіны Эўрапейскага Зьвязу неаднаразова фіксавалі спробы дывэрсіяў і падпалаў прамысловых і лягістычных аб’ектаў. Паводле дакладу незалежнага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі , расейскія агенты

  • зьнішчаюць і падрываюць крытычна важную інфраструктуру,
  • парушаюць працу авіяцыйных і энэргетычных сыстэмаў,
  • пранікаюць у лічбавыя сеткі,
  • сочаць за вайсковымі аб’ектамі
  • і ўчыняюць замахі на палітыкаў, бізнэсоўцаў і вайскоўцаў.

Таксама ў небе эўрапейскіх краін выяўлялі дроны над аэрапортамі, вайсковымі базамі і прамысловымі прадпрыемствамі.

Улады Нямеччыны заявілі, што падазраюць Расею ў арганізацыі такіх інцыдэнтаў.

Хроніка рэзанансных інцыдэнтаў

2023 год. У Польшчы выкрылі агентурную сетку, якая працавала на расейскія спэцслужбы: назірала за чыгуначнымі маршрутамі і крытычнай інфраструктурай ды рыхтавала дывэрсіі.

Сакавік-2024. У Лёндане падпалілі склад з гуманітарнай дапамогай і абсталяваньнем Starlink для Ўкраіны.

Красавік-2024. Падпал будаўнічага гіпэрмаркету OBI ў Варшаве. Польская пракуратура назвала гэта актам сабатажу на замову расейскай выведкі. У Нямеччыне ў тым жа месяцы затрымалі двух нямецка-расейскіх грамадзян, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дывэрсій.

Травень-2024. Падпал IKEA ў Вільні і гандлёвага цэнтру Marywilska ў Варшаве. Паводле сьледчых, за падапаламі стаіць арганізаваная сетка, створаная ў інтарэсах расейскіх спэцслужбаў. Тая ж сетка рыхтавала падпал IKEA ў Рызе, але выканаўцу затрымалі да нападу. У тым жа месяцы былі падпаленыя два склады будаўнічых матэрыялаў — у Варшаве і Радаме. Агенцыя ўнутранай бясьпекі заявіла, што выканаўца атрымліваў інструкцыі ад асобы, зьвязанай з расейскімі спэцслужбамі.

Ліпень-2024. У трох краінах Эўропы адбылася сэрыя ўзгараньняў пасылак з запальнымі прыладамі: у Ляйпцыгу, у грузавіку ў Польшчы і на складзе DHL у Бірмінгеме. Яшчэ адна прылада ў Польшчы не спрацавала». Паводле літоўскай пракуратуры, апэрацыю арганізоўвалі і каардынавалі грамадзяне Расеі, зьвязаныя з расейскай выведкай.

Лістапад-2025. На чыгунцы Варшава — Люблін, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для перавозкі дапамогі Ўкраіне, адбыліся дзьве дывэрсіі.

Сьнежань-2025. Польшча зазнала маштабную кібэрдывэрсію супраць энэргетычнай сыстэмы.

4 жніўня 2026 году. Супрацоўнік ляйпцыгскага аэрапорту знайшоў дрон каля ўкраінскага самалёта Ан-124. У той жа дзень грузавы самалёт DHL сутыкнуўся, як лічыць сьледзтва, з дронам пасьля ўзьлёту з таго ж аэрадрому.

14 жніўня ў полі на захад ад гэтага аэрапорту знайшлі яшчэ адзін дрон, а побач зь ім — 50 грамаў, як мяркуецца, гексагену.

21 жніўня стала вядома, што ў лесе пад Бэрлінам яшчэ год таму знайшлі схаваную зброю, якая магла прызначацца для расейскіх агентаў. Нямецкія спэцслужбы з таго часу назіралі за гэтым месцам, аднак за год па зброю ніхто не прыйшоў. Süddeutsche Zeitung піша, што ўвосень 2025 году ў Румыніі затрымалі падазраванага ў датычнасьці да арганізацыі гэтага схову.

Расея адмаўляе сваю датычнасьць да такіх інцыдэнтаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG