«Там павінен быць музэй страшных часоў», — Севярынец пра перабудову «Валадаркі» і піяр-акцыю блогераў

Візуалізацыя рэканструкцыі Пішчалаўскага замку

Блогераў прывезьлі на экскурсію ў былое СІЗА № 1 Менску, больш вядомае як «Валадарка». Пасьля рэканструкцыі там плянуюць адкрыць кавярні, рэстарацыі і музэйную экспазыцыю. Але апазыцыйны палітык і былы палітвязень Павал Севярынец лічыць, што комплекс павінен стаць месцам памяці.

Блогеры паказалі, як цяпер выглядае тэрыторыя Пішчалаўскага замку, дзе амаль два стагодзьдзі працавала турма. Экскурсію ім 31 жніўня арганізаваў Менгарвыканкам.

Паводле агучанай гарадзкімі ўладамі канцэпцыі, у комплексе зьявяцца кавярні і рэстарацыі, адміністрацыйныя памяшканьні, а таксама музэйная экспазыцыя з інтэрактыўнымі элемэнтамі. Побач з замкам плянуюць праводзіць культурна-масавыя імпрэзы і гістарычныя рэканструкцыі.

У комплексе захаваюць чатыры гістарычныя будынкі. Іх умацуюць, рэканструююць і прыстасуюць да новых функцыяў.

На тэрыторыі ўжо знесьлі 17 пазьнейшых збудаваньняў без гістарычнай каштоўнасьці. Будаўнікі таксама дэмантавалі старыя інжынэрныя сеткі і пачалі ўмацоўваць падмуркі і сьцены гістарычных аб’ектаў.

Пасьля завяршэньня рэканструкцыі комплекс хочуць уключыць у адкрытую гарадзкую прастору і зрабіць даступным для наведнікаў.

Сутарэньні Пішчалаўскага замку

«Быў я ў гэтай кавярні паўгода, наеўся на ўсё жыцьцё»

Навіна пра будучыя кавярні і рэстарацыі на тэрыторыі «Валадаркі» выклікала неадназначную рэакцыю ў сацыяльных сетках.

«Быў я неяк у гэтай кавярні паўгода, наеўся на ўсё жыцьцё», — пажартаваў адзін з карыстальнікаў.

За гэтым жартам стаіць амаль двухсотгадовая гісторыя месца, якое практычна ўвесь гэты час выкарыстоўвалася як турма.

Пішчалаўскі замак пачаў працаваць як турэмны астрог у 1825 годзе. Комплекс на тагачаснай ускраіне Менску, на Раманаўскім пагорку, узьвялі паводле праекту, які традыцыйна прыпісваюць архітэктару Казіміру Хршчановічу. Падрадчыкам будаўніцтва быў памешчык Рудольф Пішчала, ад прозьвішча якога замак і атрымаў сваю назву.

У XIX стагодзьдзі тут трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1830–1831 і 1863–1864 гадоў.

2 чэрвеня 1863 году каля турмы царскія ўлады расстралялі Міхала Цюндзявіцкага. Адным з галоўных пунктаў абвінавачаньня стала тое, што ён чытаў сялянам «Мужыцкую праўду», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.

У 1906 годзе на турэмнай браме павесілі Івана Пуліхава, асуджанага за замах на менскага губэрнатара Паўла Курлова.

У розныя гады праз Пішчалаўскі замак прайшлі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар, Якуб Колас і Максім Танк. Тут таксама трымалі Фэлікса Дзяржынскага, Барыса Савінкава і, паводле некаторых зьвестак, Юзафа Пілсудзкага. Некаторыя зь іх адбывалі пакараньне, іншыя знаходзіліся пад сьледзтвам або праходзілі праз турму этапам.

У савецкі час, пасьля перайменаваньня вуліцы ў гонар рэвалюцыянэра Валадарскага, за турмой замацавалася неафіцыйная назва «Валадарка». Падчас нямецкай акупацыі комплекс працягвалі выкарыстоўваць як турму. Тут трымалі мірных жыхароў і ўдзельнікаў менскага падпольля.

Валадарка да зносу, 2020 год. Скрыншот зь відэа motolkohelp

Сотні палітвязьняў

За гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі празь СІЗА № 1 прайшлі шматлікія людзі, якіх перасьледавалі з палітычных прычынаў. Асабліва шмат палітвязьняў утрымлівалі там пасьля падзеяў 2020 году.

Былыя вязьні і праваабаронцы паведамлялі пра перапоўненыя камэры, цяжкія ўмовы ўтрыманьня, пабоі і праблемы з доступам да мэдычнай дапамогі.

Павал Севярынец

Сярод тых, хто прайшоў праз «Валадарку», — палітык і былы палітвязень Павал Севярынец. Ён лічыць, што пасьля перабудовы комплексу ягоная турэмная гісторыя ня мусіць быць забытая.

«Насамрэч руіны “Валадаркі” — гэта знакавае месца. Праз “Валадарку” прайшлі, можна сказаць, пакаленьні беларускага руху канца 90-х, пачатку 2000-х», — сказаў Севярынец у інтэрвію праграме «ПіК Свабоды».

На ягоную думку, былы турэмны комплекс варта ператварыць таксама ў месца памяці пра людзей, якія траплялі сюды з палітычных прычынаў.

«Туды варта будзе запрашаць тых людзей — тысячы людзей, тысячы сьвядомых беларусаў, якія былі запханыя ў турму па палітычных прыкметах. Вось пра гэта варта казаць. І музэй гэтых страшных часоў там павінен быць», — лічыць Севярынец.

СІЗА закрылі ў 2024 годзе

СІЗА № 1 працавала на тэрыторыі комплексу Пішчалаўскага замку да канца красавіка 2024 году. Галоўны гістарычны корпус амаль не выкарыстоўваўся пасьля таго, як у 2008 годзе абрынулася адна зь ягоных вежаў, аднак у іншых будынках комплексу працягвалі трымаць вязьняў.

29 красавіка 2024 году стала вядома, што ізалятар на вуліцы Валадарскага расфармавалі. Вязьняў перавялі ў новае СІЗА каля Калядзічаў у Менскім раёне, а таксама ў вязьніцы Жодзіна, Магілёва і іншыя.

Паводле цяперашніх плянаў, гістарычныя будынкі комплексу захаваюць і прыстасуюць да новых функцыяў, а тэрыторыю былой турмы адкрыюць для наведнікаў. Пакуль невядома, ці будзе музэйная экспазыцыя расказваць пра палітычныя рэпрэсіі і людзей, якія прайшлі праз «Валадарку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Менску пачаўся знос часткі будынкаў былой турмы «Валадаркі»