Амбасадзе Літвы ў Менску паведамілі аб затрыманьні грамадзяніна гэтай краіны ў Беларусі

МЗС Літвы, архіўнае фота

МЗС Літвы не называе прозьвішча затрыманага.

Пра гэта піша выданьне Delfi са спасылкай на МЗС Літвы.

«Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі была праінфармаваная аб затрыманьні грамадзяніна Літоўскай Рэспублікі. МЗС, паважаючы права людзей на прыватнае жыцьцё і ня маючы іх згоды, не можа надаваць СМІ інфармацыю ні аб канкрэтных асобах, ні пра абставіны здарэньня», — паведаміў МЗС Літвы.

Выданьне адзначае, што раней «Наша Ніва» распавяла пра тое, што ў Беларусі быў затрыманы і асуджаны за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» 27-гадовы літовец Дэйвідас Станулявічус.

Менскі суд асудзіў яго па крымінальным артыкуле пасьля затрыманьня на мяжы. Цяпер ён адбывае пакараньне.

28 жніўня стала вядома, што Дэйвідаса Станулявічуса ў Беларусі ўнесьлі ў так званы сьпіс «экстрэмістаў».

МЗС Літвы нагадвае грамадзянам аб рэкамэндацыі ня езьдзіць у Беларусь, а тым, хто цяпер знаходзіцца ў гэтай краіне, — неадкладна яе пакінуць.

Улады Беларусі праводзяць варожую палітыку ў дачыненьні Літвы

У Вільні і Брусэлі гэтыя дзеяньні называюць гібрыднымі атакамі, якія зьяўляюцца часткай шырэйшай стратэгіі Крамля па падрыве бясьпекі краін Эўразьвязу і NATO.

Паводле ацэнак літоўскіх спэцслужбаў, урадавых структур і Эўрапарлямэнту, варожая дзейнасьць Менска вядзецца па некалькіх асноўных кірунках:

  • Інструмэнталізацыя міграцыі («мігранцкі крызіс»), пачынаючы з 2021 году, рэжым Аляксандра Лукашэнкі арганізаваў штучны паток нелегальных мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі праз беларускую мяжу ў Літву.
  • Паветраныя правакацыі і парушэньне паветранай прасторы з боку Беларусі, рэгулярнае выкарыстаньне бесьпілётнікаў (БПЛА) і мэтэазондаў для правакацый і кантрабанды. Зафіксаваны выпадкі, калі запушчаныя з Беларусі аэрастаты паралізавалі працу Віленскага аэрапорта і стваралі пагрозу для цывільнай авіяцыі.
  • Дзейнасьць спэцслужбаў і правакацыі супраць дыяспары. КДБ і іншыя спэцслужбы Беларусі актыўна працуюць на тэрыторыі Літвы. Згодна з дакладамі Дэпартамэнта дзяржаўнай бясьпекі Літвы Менскам ажыцьцяўляецца ціск і вярбоўка беларускіх грамадзян, якія выяжджаюць або наведваюць сваякоў у Беларусі.
  • Беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» ЭГУ, які працуе ў Вільні, і ціснуць на яго студэнтаў і выкладчыкаў і іх сваякоў у Беларусі.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва просіць Беларусь выдаць асуджанага ў Вільні блогера. Ён дагэтуль удзельнічае ў афіцыйнай прапагандзе Менску

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 1 чэрвеня: затрымалі грамадзяніна Літвы; жыхара Міханавічаў асудзілі за «экстрэмізм»