Антанас Кандротас сёлета ў траўні ўцёк у Беларусь і працягвае ўдзельнічаць у прапагандысцкіх праграмах афіцыйных СМІ Беларусі.
«Наша мэта — забясьпечыць выкананьне канчатковых судовых рашэньняў, каб асуджаныя не маглі ўнікнуць крымінальнай адказнасьці, што на іх ускладзена, проста таму, што яны знаходзяцца ў іншай краіне», — працытавалі намесьніка міністра юстыцыі Літвы Марцінаса Дабравольскіса ў афіцыйным паведамленьні ведамства.
29 чэрвеня 2026 году Ковенскі акруговы суд выдаў эўрапейскі ордэр на арышт Кандротаса. Запыт у Рэспубліку Беларусь аб яго экстрадыцыі падрыхтавалі адпаведна зь дзейнымі палажэньнямі міжнароднага права і прынцыпамі міжнародна-праўнай супрацы ў крымінальных справах.
Што папярэднічала
У чэрвені Апэляцыйны суд Літвы асудзіў грамадзяніна Літвы Антанаса Кандротаса (мянушка Цэлафанас) на тры з паловай гады пазбаўленьня волі ў справе аб фінансавых парушэньнях, а перад гэтым — на адзін год зьняволеньня за распальваньне нянавісьці на сэксуальнай глебе. Суд прызнаў яго рэцыдывістам.
У ліпені Віленскі гарадзкі ўчастковы суд завяршыў разгляд яшчэ адной справы супраць Кандротаса за парушэньне грамадзкага парадку падчас леташніх пратэстаў каля літоўскага парлямэнту. Пракурор прапанаваў дадаць да ўжо прызначанага пакараньня яшчэ сем месяцаў пазбаўленьня волі. Рашэньне ў гэтай справе суд абвесьціць толькі ў верасьні.
Чым вядомы Кандротас?
Антанаса Кандротаса ледзь ня кожны тыдзень запрашалі на перадачы Горадзенскай абласной тэлекампаніі, дзе ён выказваўся супраць палітыкі Літвы стасоўна Беларусі, крытыкаваў стварэньне новага вайсковага палігону ля мяжы зь Беларусьсю ў раёне Сувальскага калідору і рост вайсковых выдаткаў.
У Літве Кандротаса шматкроць судзілі — за фінансавыя махлярствы, за беспарадкі каля парлямэнту, ён сядзеў у турме, але быў датэрмінова вызвалены ў 2025 годзе.
У 2021 годзе яго заўважылі за стырном аўтамабіля з чырвонымі нумарнымі знакамі — такія знакі маюць машыны дыпляматычных прадстаўніцтваў у Літве. Згодна з інфармацыяй літоўскіх мэдыя, аўтамабіль мог належаць амбасадзе Беларусі ў Літве. Але Антанас Кандротас гэта зьняпраўджваў, сьцьвярджаў, што машына належыць Мальтыйскаму ордэну, сябрам якога ён нібыта быў. Мальтыйскі ордэн гэта адрынуў і афіцыйна ад Кандротаса адмежаваўся.
У студзені 2022 году Антанас Кандротас наведваў Беларусь разам зь іншымі ўдзельнікамі антыэўрапейскай партыі «Зара справядлівасьці» (яе ачольваў Альгірдас Паляцкіс, асуджаны за шпіянаж на карысьць Расеі) і ўдзельнічаў у сустрэчы зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Яны называлі сябе прадстаўнікамі «літоўскай грамадзянскай супольнасьці» і на сустрэчах абураліся палітыкай ураду Літвы ў дачыненьні да Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і мігранцкага крызісу, які ўлады Беларусі распачалі ў 2021 годзе супраць суседніх краін Эўразьвязу.
У жніўні 2025 году Кандротас актыўна ўдзельнічаў у мітынгу супраць прысутнасьці Сьвятланы Ціханоўскай у Літве, які арганізаваў крайне правы дэпутат Вітаўтас Сініца.
Форум