Сьцісла
- Нядаўні візыт Лукашэнкі ў Расею паказаў існаваньне пэўнага напружаньня ў адносінах паміж саюзьнікамі.
- Масква зацікаўленая ў больш актыўным удзеле Беларусі ў ваенным канфлікце. Але Лукашэнка імкнецца ўхіліцца.
- Беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс быў прыпынены амаль на паўгоду.
- Цяперашні візыт дырэктара ЦРУ ў Маскву ў пэўным сэнсе можа легітымізаваць перад Крамлём працяг дыялёгу Беларусі і ЗША.
Дэманстрацыя ляяльнасьці
Камэнтатары актыўна абмяркоўваюць сувязь паміж візытамі ў Маскву дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа і Аляксандра Лукашэнкі. Можна меркаваць, што сувязь ёсьць, але, хутчэй, не наўпроставая, а ўскосная.
Найперш варта зазначыць, што апошняя паездка Лукашэнкі ў Расею не зусім звычайная. Ня толькі таму, што візыт расьцягнуўся на тры дні. Заўважна тое, што Аляксандар Лукашэнка быў вымушаны сустракацца зь кіраўніком ураду РФ Міхаілам Мішусьціным, што адбываецца рэдка, а ў Маскве — увогуле ўпершыню.
Таксама зьвяртае на сябе ўвагу тое, што і ў інтэрвію прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, і ў рэпліках Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным гучалі словы «праблемы», «складанасьці», «цяжкасьці». І падчас сустрэчы зь Мішусьціным, і на перамовах з Пуціным Лукашэнка паўтараў думку: «Мы сьвята выконваем усе дамоўленасьці».
Можна меркаваць, што такая публічная і паказная дэманстрацыя ляяльнасьці спатрэбілася Лукашэнку, каб апраўдацца за нейкія дзеяньні, якія не даспадобы Крамлю. Пра што можа ісьці гаворка?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Здаецца, ня так даўно і бачыліся». Пуцін прыняў Лукашэнку ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі. ФОТАШто непакоіць Крэмль?
Цяпер Уладзімір Пуцін не хавае, што шукае кропкі пералому ў вайне супраць Украіны, ход якой складаецца неспрыяльна для Расеі. Адзін з магчымых варыянтаў — больш актыўны ўдзел Беларусі ў ваенным канфлікце.
Але, падобна, Лукашэнка імкнецца ўхіліцца. Бо ўвязвацца ў вайну, якая ідзе не на карысьць Расеі, было б палітычным самагубствам для цяперашняга беларускага рэжыму. Асабліва на тле таго, што беларуская тэрыторыя, як і расейская, цяпер уразьлівая для ўкраінскіх бесьпілётнікаў. А Расея ў выпадку эскаляцыі наўрад ці зможа аказаць Беларусі дастатковую дапамогу, бо сама сутыкаецца з сур’ёзнымі ваеннымі праблемамі.
Другое супярэчлівае пытаньне для беларуска-расейскіх адносін — працяг перамоўнага працэсу Беларусі з ЗША. 30 жніўня спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коул у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіў: «Праз пару тыдняў я зноў зьбіраюся паехаць у Беларусь і спадзяюся дамагчыся вызваленьня яшчэ большай колькасьці палітвязьняў. Думаю, што мне гэта ўдасца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Джон Коул: новыя вызваленьні палітвязьняў у Беларусі магчымыя ўжо ў сярэдзіне верасьняБеларуска-амэрыканскі перамоўны працэс, які пачаўся паўтара году таму з прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа, — новая зьява ў замежнай палітыцы Беларусі. Для афіцыйнага Менску — гэта самы пэрспэктыўны праект апошніх гадоў, тое зьвяно, ухапіўшыся за якое, ён спрабуе пацягнуць за сабой вырашэньне цэлага шэрагу назапашаных праблем.
Да пошуку дамоўленасьцяў з ЗША падштурхоўвае якраз хада расейска-ўкраінскай вайны. Расея з галоўнага абаронцы і спонсара рэжыму Аляксандра Лукашэнкі можа хутка ператварыцца ў асноўную праблему. Таму варта шукаць новыя магчымасьці на заходнім кірунку ці хоць бы нэўтралізаваць рызыкі з таго боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін шантажуе Лукашэнку? Тыдзень з Карбалевічам. ВІДЭАПаўгадавая паўза ў дыялёгу
Былы спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Кіт Кэлаг днямі заявіў у інтэрвію ўкраінскай журналістцы Раміне Эсхакзай, што галоўнай мэтай кантактаў Вашынгтону з Аляксандрам Лукашэнкам было атрымаць дадатковы канал сувязі з Уладзімірам Пуціным. Аднак Кэлаг наведаў Менск у чэрвені 2025 году. За гэты час шмат што памянялася. Цікаўнасьць ЗША да тэмы замірэньня Расеі і Ўкраіны зьменшылася з розных прычынаў. Роля беларускага каналу ў амэрыканскіх спробах дамовіцца з Расеяй, выглядае, зьменшылася. І атрымалася, што ў цэнтры перамоўнага працэсу аказалася тэма палітвязьняў.
Аднак беларуска-амэрыканскі перамоўны працэс быў прыпынены амаль на паўгоду. Здаецца, бакі ўпёрліся ў нейкую столь. Папярэдняя схема палітычнага абмену — аслабленьне санкцыяў у абмен на вызваленьне палітвязьняў — у значнай ступені вычарпалася. Абодва бакі, як выглядае, трохі расчараваныя ў партнэрах па перамовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд ЭЗ адмовіўся скасаваць санкцыі супраць «Беларуськалію». Рашэньне канчатковаеЗ аднаго боку, Лукашэнка разьлічваў, што ЗША націснуць, прымусяць ЭЗ скасаваць санкцыі адносна Беларусі. У інтэрвію арабскаму тэлеканалу «Аль Арабія» 12 чэрвеня ён казаў: «Калі амэрыканцы захочуць націснуць або паўплываць на некаторыя эўрапейскія краіны, яны гэта могуць зрабіць. На некаторыя краіны яны ўплываюць. Нядрэнна было б, калі б амэрыканцы ў гэтым пляне дапамаглі з нашымі суседзямі нармалізаваць адносіны. Мы ад любой дапамогі не адмаўляемся».
Вядома, што ЗША прапанавалі Літве, Польшчы і Ўкраіне дазволіць транзыт беларускага калію праз свае парты. Аднак да нейкага сур’ёзнага ціску ў гэтым пляне справа не дайшла.
Ня спраўджваюцца і спадзяваньні зацікавіць амэрыканцаў беларускім каліем. Лукашэнка прапанаваў ЗША купіць адзін з калійных актываў — «Нетры Нежын». І тыя, нібыта, «думаюць». Мяркуючы з усяго, вялікай цікавасьці няма. Бо Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі. Актыў абцяжараны пазыкамі. Менск, відаць, просіць немалую цану за гэтае радовішча.
З свайго боку, ЗША могуць быць расчараваныя адмовай Лукашэнкі спыняць рэпрэсіі і стварэньнем перашкод дзеля вызваленьня палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як Беларусь шукае партнэраў сярод краін-ізгояў. Аналіз Валера Карбалевіча. ВІДЭАПошук новага парадку дня
Тым ня менш, гледзячы па публічных кроках, абодва бакі зацікаўленыя працягваць дыялёг. Відаць, Менск і Вашынгтон шукаюць новы парадак дня.
28 ліпеня Аляксандар Лукашэнка дэманстратыўна вынес на публіку факт сустрэчы з пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Валянцінам Рыбаковым, які вядзе перамовы з Джонам Коўлам. Бакі абмяняліся лістамі. Тым самым Менск акцэнтуе ўвагу на цікавасьці да тэмы перамоваў з ЗША.
У сваю чаргу Джон Коўл пэрыядычна дае інтэрвію ці сьцісла камэнтуе ў сацыяльных сетках працэс перамоваў з афіцыйным Менскам. Прычым асноўная думка, якая гучыць зь ягоных рэплік — хуткае вызваленьне палітвязьняў. Гэта тэма важная для Вашынгтону, бо дазваляе дэманстраваць посьпех на гуманітарным трэку.
Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў згаданым інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Коўл заявіў пра 700-800 вызваленых палітвязьняў у выніку візытаў амэрыканскай дэлегацыі («Мы дабіліся вызваленьня пяцісот, затым яшчэ каля двухсот былі памілаваны»). Гэтая лічба істотна большая за колькасьць вызваленых у рамках публічна вядомых дамоўленасьцяў з амэрыканскім бокам — каля 500.
Ці перамовы Менску з Вашынгтонам раздражняюць Маскву?
На ўсю гэтую гульню кіраўніцтва Беларусі з ЗША Крэмль глядзіць з падазрэньнем. Варта адзначыць, што перамоўны працэс паміж Менскам і Вашынгтонам зайшоў далей, чым дыялёг ЗША з Расеяй. Там гаворка пра адмену санкцый не ідзе, а адносна Беларусі Злучаныя Штаты ўжо скасавалі шэраг істотных санкцыяў, у тым ліку абмежаваньні адносна «Беларуськалію» і Беларускай калійнай кампаніі. Да таго ж перамовы ЗША з Расеяй наконт замірэньня, заканчэньня вайны РФ супраць Украіны прыпыненыя і калі адновяцца — незразумела.
Беларусь уступіла ў створаную Трампам Раду міру, Лукашэнка мае пляны наведаць саміт гэтай арганізацыі ў Вашынгтоне. А Расея не пагадзілася далучыцца да гэтай структуры. У Маскве з падазрэньнем глядзяць на спробы вяртаньня беларускага экспарту праз літоўскі порт ці пляны продажу калійнага радовішча амэрыканцам.
Таму цяперашні візыт дырэктара ЦРУ ў Маскву ў пэўным сэнсе можа легітымізаваць перад Крамлём працяг дыялёгу Беларусі і ЗША. Статус Джона Рэткліфа значна вышэйшы за пасаду Джона Коўла. Цяпер Крамлю псыхалягічна цяжэй запярэчыць перамовам Менску з Вашынгтонам, калі сама Масква падтрымлівае кантакты з ЗША на больш высокім узроўні.
Можна меркаваць, што Лукашэнка прасіў Пуціна ці то даць дазвол, ці не пярэчыць працягу дыялёгу кіраўніцтва Беларусі і ЗША. Бліжэйшыя тыдні пакажуць, якой шырыні поле для манэўру мае цяпер афіцыйны Менск, ці ёсьць прастора для геапалітычнага балянсаваньня.