У Міжземным моры затрымалі танкер, які, імаверна, належыць да ценявога флёту Расеі

Высадка назіральнай місіі на судна MV SUN, якое падазраюць у датычнасьці да ценявога флёту

У Міжземным моры затрымалі танкер, які, імаверна, належыць да расейскага ценявога флёту. Пра гэта паведаміла кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу Кая Калас.

Паводле яе, сілы вайскова-марской місіі Эўразьвязу EUNAVFOR MED Irini падняліся на борт нафтавага танкера MV SUN, які падазраюць у плаваньні пад фальшывым сьцягам з парушэньнем міжнароднага марскога права.

«Незаконны продаж нафты з суднаў ценявога флёту — жыцьцёва важная артэрыя для вайны Расеі супраць Украіны, і мы будзем і надалей яе перакрываць», — дадала яна.

Калас таксама паведаміла, што гэта ўжо шосты падазроны танкер, на борт якога за апошнія месяцы падымаліся ўдзельнікі вайскова-марскіх апэрацыяў Эўразьвязу ў Міжземным моры.

Танкер затрымалі ў нядзелю, 30 жніўня, вынікае з паведамленьня EUNAVFOR MED Irini.

EUNAVFOR MED Irini — вайскова-марская місія ЭЗ, створаная ў 2020 годзе для забесьпячэньня выкананьня эмбарга ААН на пастаўкі зброі ў Лібію. З таго часу ўрады краінаў ЭЗ пашырылі сфэру яе дзейнасьці, дазволіўшы праводзіць агляды суднаў для праверкі іх бясьпекі, адзначае Reuters.

Чаму гэта важна?

Расея выкарыстоўвае «ценевы флёт» танкераў зь непразрыстай структурай уласнасьці, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя на яе нафтавы экспарт. «Ценевы флёт» складаецца больш чым з 700 вадаплаваў і адказвае за перавозку 75% расейскай нафты ў абыход санкцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін прыгразіў «люстэркавымі захадамі» ў адказ на затрыманьні караблёў расейскага ценявога флёту