Джон Коул: новыя вызваленьні палітвязьняў у Беларусі магчымыя ўжо ў сярэдзіне верасьня

Джон Коўл

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коул заявіў, што найбліжэйшы час у Беларусі могуць адбыцца новыя вызваленьні палітвязьняў.

Ён плянуе зноў наведаць краіну празь некалькі тыдняў і спадзяецца дамагчыся новых вызваленьняў ужо ў сярэдзіне верасьня.

«Я зноў зьбіраюся паехаць у Беларусь і спадзяюся дамагчыся вызваленьня яшчэ большай колькасьці палітвязьняў. Думаю, што мне гэта ўдасца», — сказаў Коул у інтэрвію «Голасу Амэрыкі».

Паводле Коула, пры ягоным пасярэдніцтве ўжо былі вызваленыя каля 700–800 чалавек. Ён спадзяецца ў найбліжэйшы час давесьці гэтую колькасьць да тысячы.

Перамовы паміж Вашынгтонам і Менскам аб вызваленьні зьняволеных пачаліся больш за год таму. Як расказаў Коул, спачатку Дзярждэпартамэнт ЗША папрасіў яго дапамагчы ў вызваленьні амэрыканскага грамадзяніна, які знаходзіўся ў беларускай турме. Пасьля гэтага пачаліся кантакты і рэгулярныя перамовы, падчас якіх беларускія ўлады вызвалялі як грамадзян ЗША, так і беларускіх палітвязьняў.

Коул таксама паведаміў, што працягвае перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і лічыць магчымай нармалізацыю адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам. Ён адзначыў, што сярод вызваленых ёсьць вядомыя палітвязьні, у тым ліку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Пра хуткае вызваленьне палітвязьняў Коул заявіў пасьля таго, як атрымаў спэцыяльную прэмію «За выратаваньне жыцьцяў» у рамках узнагароды «Камэртон» імя Ганны Паліткоўскай. Цырымонія адбылася 27 жніўня ў Маскве.

Коула адзначылі за ўдзел у перамовах, якія дапамаглі вызваліць сотні беларускіх палітвязьняў.

  • Перамовы паміж Вашынгтонам і Менскам аб вызваленьні зьняволеных пачаліся больш за год таму. Як расказаў Коул, спачатку Дзярждэпартамэнт ЗША папрасіў яго дапамагчы ў вызваленьні амэрыканскага грамадзяніна, які знаходзіўся ў беларускай турме. Пасьля гэтага пачаліся кантакты і рэгулярныя перамовы, падчас якіх беларускія ўлады вызвалялі як грамадзян ЗША, так і беларускіх палітвязьняў.