Яшчэ аднаго польскага сьвятара высылаюць зь Беларусі. Ён служыў тут больш за 30 гадоў

Каталіцкая сэмінарыя ў Пінску. Архіўнае фота

Пінская дыяцэзія Рыма-Каталіцкай царквы Беларусі паведаміла, што ўлады не працягнулі дазвол на пастырскае служэньне сьвятару Янушу Пуліту.

Пра гэта напісана ў звароце біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.

Пінская дыяцэзія Рыма-Каталіцкай царквы Беларусі паведаміла, што сьвятар польскай нацыянальнасьці Януш Пуліт не атрымаў дазволу ўладаў працягваць пастырскае служэньне.

Януш Пуліт 32 гады служыў у парафіях Ружанаў і Лыскава.

«З смуткам паведамляю, што Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгадненьня на далейшае служэньне ў нашых парафіях ксяндза Януша Пуліта, які на працягу 32 гадоў быў душпастырам парафіяў у Ружанах і Лыскаве», — заявіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

«Ён самаахвярна адгукнуўся на заклік кардынала Казімера Сьвёнтка і настаяцеляў сваёй манаскай кангрэгацыі і ўключыўся ў жыцьцё Пінскай дыяцэзіі. За гэты пэрыяд разам з парафіянамі Ружанаў і Лыскава ён прычыніўся да духоўнага ўзрастаньня іх супольнасьцяў», — гаворыцца ў звароце біскупа.

Біскуп таксама прызнаў недахоп беларусаў-сьвятароў і скарачэньне колькасьці сьвятароў зь іншых краін, якія прыяжджаюць у Беларусь для працы ў каталіцкіх парафіях.

«Шматгадовы пробашч зьяжджае з вашых парафіяў не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы, біскупы і сьвятары, будзем дапамагаць і падтрымліваць вас, разам знаходзячыся ў духу хрысьціянскай веры, надзеі і любові», — запэўніў ён.

У той жа час, паводле інфармацыі «Хрысьціянскай візіі», двое іншых польскіх сьвятароў, якія служаць у Пінскай дыяцэзіі і пэрыяд дзеяньня дазволаў якіх заканчваўся, атрымалі новыя дазволы на бліжэйшыя паўгоду.

Пуліт стаў трэцім польскім сьвятаром Пінскай дыяцэзіі, якому з пачатку 2026 году не працягнулі дазвол на пастырскую дзейнасьць.

Кіраўнікі іншых каталіцкіх дыяцэзіяў публічна не паведамлялі пра выпадкі, калі іхным польскім сьвятарам не працягвалі дазволы. Вернікі даведваліся пра гэта толькі зь неафіцыйных крыніц.

Рэсурс «Хрысціянская візія» паведаміў, што цягам 2026 году шаснаццаці польскім сьвятарам не дазволілі працягваць служэньне ў Беларусі. Паведамлялі, што 11 польскіх каталіцкіх сьвятароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі могуць пакінуць Беларусь, бо не атрымалі дазвол ад упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў на працяг рэлігійнай дзейнасьці, а «некаторыя атрымалі такі дазвол на мінімальны тэрмін». Аднак улады могуць пераглядаць такія рашэньні.

Чаму гэта важна

  • Многія вернікі й рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся аб грамадзка-палітычным крызісе, які ўзьнік у выніку сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткага сілавога здушэньня акцыяў пратэсту, з прычыны чаго рэжым Лукашэнкі ўзмацніў кантроль рэлігійнай сфэры.
  • У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасьць ня ў рэчышчы палітыкі ўладаў. Была абвешчаная перарэгістрацыя рэлігійных грамадаў.
  • З пачатку восені 2020-га па канец красавіка 2026 году, паводле зьвестак «Хрысьціянскай візіі», з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуліся ня менш за 93 хрысьціянскія душпастыры, зь іх 36 каталіцкіх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Беларусізацыя» Касьцёла. Чаму з пачатку года з краіны выслалі каля 20 польскіх ксяндзоў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Хрысьціянская візія»: У Магілёве разьвіталіся са сьвятаром Раманам Шульцам. Зь Беларусі могуць выслаць яшчэ адзінаццаць польскіх сьвятароў