Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні вайсковай выведкі Ўкраіны, рашэньне аб мабілізацыі ўхваляць пасьля парлямэнцкіх выбараў, што заплянаваныя на 18–20 верасьня.
«Правядзеньне дадатковай хвалі мабілізацыі расейскае палітычнае кіраўніцтва разглядае як рэагаваньне на страту дзяржавай-агрэсаркай ініцыятывы ў вайне, сталае павелічэньне страт асабовага складу на фронце і адчувальнае замаруджваньне тэмпаў рэкрутынгу ў рэгіёнах», — паведаміла ўкраінская выведка.
Згодна з інфармацыяй украінскага боку, для падрыхтоўкі мабілізацыі ўжо пачалі карэктаваць заканадаўства і падзаконныя акты, істотна ўзмацнілі кантроль за вайсковым улікам і ствараюць мэханізм для дадатковага рэкрутынгу асуджаных асобаў.
У прыватнасьці, сьцьвярджае ўкраінская выведка, на службу будуць вэрбаваць асобаў, асуджаных (або зь ня зьнятай судзімасьцю) паводле 11 крымінальных артыкулаў, у тым ліку, за кантрабанду зброі і наркотыкаў, бандытызм, арганізацыю незаконнай міграцыі, парушэньне патрабаваньняў бясьпекі аб’ектаў паліўна-энэргетычнага комплексу і выкраданьне ядзерных матэрыялаў. Адзначаецца, што расейскае кіраўніцтва ўзгадніла мабілізацыю жанчын, якія адбываюць пакараньне ў турмах.
«Залежна ад узроўню падрыхтоўкі і прагназаванага тэрміну „жывучасьці“ мабілізаваных асоб, іх падрыхтоўка можа доўжыцца 15–60 дзён. Ня выключана, што частка мабілізаваных будзе праходзіць падрыхтоўку на палігонах Рэспублікі Беларусь», — паведаміла ўкраінская выведка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пад Тамбовам згарэў склад Wildberries. У Чарнігаве ад расейскіх абстрэлаў загінула дзіцяЧаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна без перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
25 жніўня дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф ажыцьцявіў неабвешчаны візыт у Маскву. Прычына візыту невядомая. Абазнаныя амэрыканскія службоўцы пацьвердзілі Радыё Свабода, што Рэткліф пабываў у Маскве, але адмовіліся паведаміць, з кім ён сустракаўся і пра што гаварыў.
У Крамлі заявілі, што падчас візыту Рэткліф кантактаваў з прадстаўнікамі расейскіх спэцслужбаў, але з прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным не сустракаўся.
The Wall Street Journal назвала некалькі імаверных прычын візыту: магчымая мабілізацыя ў Расеі, узмацненьне атак Украіны на тэрыторыю Расеі, вайна з Іранам, магчымая правакацыя Масквы супраць краін NATO.
Папярэдні візыт кіраўніка ЦРУ ў Маскву адбыўся ў лістападзе 2021 году, за некалькі месяцаў да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Тады ЦРУ ўзначальваў Уільям Бэрнз.
Увечары 27 жніўня Аляксандар Лукашэнка накіраваўся зь візытам у Маскву.