Уначы на 27 жніўня ў Польшчу прыляцелі некалькі кантрабандысцкіх балёнаў з цыгарэтамі.
Як паведаміў PAP прэсавы сакратар Падляскай паліцыі Томаш Крупа, гэта былі канструкцыі зь некалькімі купаламі — адныя з найбуйнейшых, якія заляталі ў Польшчу.
Адзін з балёнаў прызямліўся проста на дах будынка ў Ясьвілах, што за 50 км ад беларускай мяжы. Усяго ж паліцыянты знайшлі чатыры балёны з 30 тысячамі пачкаў цыгарэт, перадалі польскія СМІ
Чаму гэта важна
Аб затрыманьні кантрабандных цыгарэт з Беларусі Польшча, Літва і Латвія паведамляюць рэгулярна.
У Літве кантрабанда цыгарэт паветранымі балёнамі выклікае збоі ў працы Віленскага аэрапорту, ад чаго цярпяць авіякампаніі і пасажыры. Гэта выклікала палітычны крызіс у адносінах Менска і Вільні, паколькі літоўскі ўрад разглядае гэта як гібрыдную атаку і на некаторы час закрываў мяжу зь Беларусью.
Сілавым структурам Польшчы і Літвы ўдалося затрымаць некаторых падазраваных у арганізацыі такой кантрабанды, іх справы ўжо даходзяць да суду.