Памёр асуджаны за генацыд у Босьніі Ратка Младзіч

Рака Младзіч падчас суду ў Гаазе, 8 чэрвеня 2021 году

Памёр былы камандзір арміі басьнійскіх сэрбаў Ратка Младзіч, асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за ваенныя злачынствы.

У 2017 годзе суд прызнаў Ратка Младзіча вінаватым у генацыдзе за арганізацыю забойства ў 1995 годзе сама меней 8 тысяч мусульманаў у басьнійскай Срэбраніцы — найгоршага злачынства ў Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны, перадае Reuters.

Разьня ў Срэбраніцы стала жахлівай кульмінацыяй вайны, якая доўжылася ўжо больш за тры гады.

Целы забітых у Срэбраніцы на працягу чатырох дзён у ліпені 1995 году бульдозэрамі зьвальвалі ў масавыя магілы. Некаторыя зь іх пазьней выкапвалі і перавозілі ў аддаленыя горныя раёны, каб схаваць сьляды забойстваў.

Войскі, якімі камандаваў Младзіч, трымалі ў аблозе сталіцу Босьніі Сараева і абстрэльвалі горад з артылерыі, танкаў, мінамётаў і буйнакалібэрных кулямётаў. Загінулі 10 тысяч чалавек.

Ратка Младзіч, 1995 год

Reuters пералічвае сьведчаньні, як вайскоўцы Младзіча абыходзіліся зь вязьнямі:

  • людзей у сьпёку прымушалі есьці соль і не давалі вады;
  • марылі голадам,
  • гвалтавалі,
  • прымушалі скакаць з мосту, а потым расстрэльвалі,
  • выганялі зь месцаў утрыманьня хімічным газам і забівалі.

Мэтай, як вызначыў Міжнародны крымінальны трыбунал ААН у справах былой Югаславіі, была «этнічная чыстка» — гвалтоўнае выгнаньне басьнійскіх мусульманаў, харватаў і іншых ня сэрбаў, каб вызваліць землі Босьніі для стварэньня Вялікай Сэрбіі.

Трыбунал прыйшоў да высновы, што Младзіч разам з ужо памерлым прэзыдэнтам Сэрбіі Слабаданам Мілошавічам і палітычным лідэрам басьнійскіх сэрбаў Радаванам Караджычам былі ўдзельнікамі злачыннай змовы дзеля ажыцьцяўленьня гэтага пляну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чалавек, які 30 гадоў таму перажыў расстрэл у Срэбраніцы: «Я зразумеў, што мне канец»

Ахвярамі вайны ў Босьніі і Герцагавіне, паводле некаторых ацэнак, сталі больш за сто тысяч чалавек. Младзіч быў адной з ключавых фігураў гэтага канфлікту.

«Я не прызнаю гэты суд», — казаў Младзіч на слуханьнях ў 2014 годзе. Калі ў 2017 годзе яго асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне, ён выкрыкнуў: «Гэта ўсё хлусьня, вы ўсе хлусы!»

Младзіч памёр 27 жніўня ў шпітальным аддзяленьні ізалятара ААН у прадмесьці Гаагі, дзе правёў апошнія месяцы жыцьця, паведаміў ягоны адвакат Драган Івэціч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гааскі трыбунал засудзіў Ратку Младзіча за генацыд да пажыцьцёвага зьняволеньня