Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гааскі трыбунал засудзіў Ратку Младзіча за генацыд да пажыцьцёвага зьняволеньня


Ратка Младзіч, 1993 год

Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі 22 лістапада ў Гаазе прысудзіў Ратка Младзіча, былога камандуючага арміяй басьнійскіх сэрбаў, да пажыцьцёвага зьняволеньня.

Младзіч быў абвінавачаны ў генацыдзе ў Срэбраніцы ў ліпені 1995 году і іншых цяжкіх злачынствах супраць мусульманаў і харватаў.

Младзіч — адна з ключавых фігураў басьнійскай вайны, якая забрала жыцьці 100 тысяч чалавек, і адначасова сымбаль вайскова-палітычных намаганьняў сэрбскіх элітаў 1990-х, якія былі накіраваны на аб’яднаньне «сэрбскіх тэрыторый» і стварэньне «этнічна чыстай дзяржавы».

Пасьля вылучэньня абвінавачаньняў у 1996 годзе Младзіч ратаваўся ўцёкамі. Яго арыштавалі 26 траўня 2011 году ўлады Сэрбіі, пад прыкрыцьцём якіх ён фактычна і пражываў усе гэтыя гады.

Младзіча абвінавацілі па 11 пунктах у генацыдзе, злачынствах супраць чалавечнасьці і парушэньні законаў і звычаяў вядзеньня вайны. Больш канкрэтна — у забойствах, дэпартацыі і выгнаньні нясэрбскага насельніцтва з розных рэгіёнаў, катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з людзьмі ў дзясятках цэнтраў заключэньня, тэрарызаваньня жыхароў Сараева пры дапамозе артылерыйскіх і снайпэрскіх абстрэлаў і захопе ў закладнікі міратворчага пэрсаналу ААН.

Міжнародны трыбунал прыйшоў да высновы, што ад 12 траўня 1992 году да 8 лістапада 1996 Младзіч быў самым высокапастаўленым прадстаўніком арміі Рэспублікі Сэрбскай і меў поўны кантроль над усімі элемэнтамі сэрбскіх сілаў, падпарадкаваных ёй.

Па справе Младзіча пракуратура сабрала каля 28 тысяч матэрыяльных доказаў і паказаньні 410 сьведкаў. Бок абвінавачваньня прасіў прысудзіць яго да пажыцьцёвага зьняволеньня, а абарона — апраўдаць. Сам Младзіч адмовіўся паведаміць суду, ці лічыць ён сябе вінаватым.

Самае цяжкае з выстаўленых Младзічу абвінавачаньняў — генацыд у Срэбраніцы, дзе ў ліпені 1995 году, былі забітыя не менш як 7 тысяч мужчын і хлопчыкаў-мусульман.

Абарона Младзіча не адмаўляла, што падчас вайны здзяйсьняліся злачынствы, падкрэсьліваючы, аднак, што сам ён не нясе за гэта адказнасьці. Гаворачы аб расправах і выгнаньні насельніцтва Срэбраніцы, адвакат Бранка Лукіч сказаў, што «на жаль, некаторая колькасьць мусульман было забіта», але Младзіч не аддаваў загаду аб расстрэлах. Гэтыя злачынствы, па вэрсіі абароны, зьдзейсьнілі «асобныя мясцовыя мсьціўцы, сілы МУС і адшчапенцы з ліку супрацоўнікаў службаў бясьпекі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG