На беларуска-расейскай мяжы 26 жніўня часова не працаваў памежны пераход «Красны Камень» у Бранскай вобласьці Расеі. Прычынай стала падзеньне дрона, які не здэтанаваў, паведаміла «Люстэрка».
Такую інфармацыю журналістка выданьня даведалася ў дзяжурнай службе Памежнай ўправы ФСБ Расеі па Бранскай вобласьці.
«Там бесьпілётнік упаў на дарогу і не разарваўся», — паведаміў дзяжурны, дадаўшы, што трэба пэўны час, «пакуль яго не прыбяруць з дарогі».
Першыя паведамленьні пра праблемы зьявіліся у адным з памежных чатаў каля 11.20. Адзін з кіроўцаў напісаў, што «Красны Камень» (зь беларускага боку — «Селішча») не працуе і на месцы няма сувязі. Пазьней іншыя ўдзельнікі паведамілі, што іх таксама разьвярнулі.
«Мы толькі адтуль, зь Беларусі не прапусьцілі, разьвярнулі назад», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Паводле яго, дакумэнты ў кіроўцаў нават не правяралі — машыны разварочвалі яшчэ да самога пераходу.
Іншыя ўдзельнікі чату паведамлялі пра такую ж сытуацыю пры руху з боку Расеі. Паводле іх, не прапускалі ў тым ліку машыны зь беларускімі нумарамі і людзей зь відам на жыхарства.
Па 17-й гадзіне праезд праз пункт пропуску ўжо быў адкрыты.
11 жніўня «Красны Камень» ужо часова закрывалі пасьля інцыдэнту зь бесьпілётнікам. Тады каля пераходу загарэліся некалькі грузавікоў.
2 ліпеня на стаянцы «Краснага Каменя» дрон ударыў у аўтобус, які ехаў маршрутам Менск — Гомель — Анапа. У аўтобусе былі 12 чалавек. Два кіроўцы атрымалі раненьні.
17 чэрвеня ў Бранскай вобласьці быў атакаваны аўтобус, у якім дзіцячая футбольная каманда з Гомля ехала ў расейскі Геленджык. Загінула жанчына, яшчэ 8 чалавек атрымалі раненьні, у тым ліку шасьцёра дзяцей.