Як паведаміла выданьне «Суспільне» з спасылкай на Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны, пасьля 2014 году ўкраінскі пашпарт атрымалі 12 беларускіх добраахвотнікаў, а пасьля лютага 2022 году — яшчэ 40.
Выданьне нагадала, што ў чэрвені 2025 году Вярхоўная рада Ўкраіны ўхваліла зьмены ў заканадаўства аб набыцьці і захаваньні грамадзянства Ўкраіны. У прыватнасьці, спрасьцілі працэдуру для іншаземцаў, якія служаць у сілах абароны: цяпер для атрыманьня права прэтэндаваць на грамадзянства ім дастаткова адслужыць паводле кантракту адзін года замест ранейшых трох.
У міграцыйнай службе адзначылі, што агульны тэрмін разгляду заяў аб прыёме ў грамадзянства пры адсутнасьці прычын для дадатковага вывучэньня, не павінен перавышаць 8 месяцаў. У той жа час заявы іншаземцаў, якія бралі або бяруць удзел у абароне Ўкраіны, разглядаюць у прыярытэтным парадку.
Грамадзяне Беларусі, якія ваююць на баку Ўкраіны, а таксама іхныя родныя могуць легалізаваць сваё знаходжаньне ва Ўкраіне нават з пратэрмінаваным беларускім пашпартам. У прыватнасьці, яны могуць атрымаць дазвол на пражываньне або падаць дакумэнты на грамадзянства.
У міграцыйнай службе таксама паведамілі, што для вырашэньня пытаньня аб звароце па грамадзянства для беларусаў-добраахвотнікаў без пашпартоў распрацавалі адпаведны праект закону і перадалі яго на разгляд у Міністэрства ўнутраных спраў і іншых дзяржаўных структур. А пакуль, адзначылі ў міграцыйнай службе, яны, як і іншыя іншаземцы без дакумэнтаў, могуць зьвяртацца па статус уцекача або асобы, якая патрабуе дадатковую абарону.
Згодна з інфармацыяй міграцыйнай службы, з траўня да жніўня 2026 году дазвол на часовае пражываньне ва Ўкраіне атрымалі 45 грамадзян Беларусі, якія служаць ва ўкраінскай арміі. Раней іншаземныя вайскоўцы маглі знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны на падставе вайсковага білету або кантракту.
Паводле новых правілаў, усе іншаземцы-вайскоўцы павіны прайсьці працэдуру легалізацыі да 10 лістапада 2026 году.
Што папярэднічала і чаму гэта важна
4 верасьня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і ўчыненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарту беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Гэта стварыла сур’ёзную праблему беларусам, якія ня могуць выехаць у Беларусь для абмену пратэрмінаваных дакумэнтаў, у тым ліку праз пагрозу палітычнага перасьледу. Добраахвотнікам, якія ваююць на баку Ўкраіны, пагражае крымінальны перасьлед і пазбаўленьне волі за наёмніцтва.
Многія эўрапейскія краіны дазволілі беларусам легалізавацца на падставе пратэрмінавага пашпарту. Ва Ўкраіне для цывільных беларусаў гэтая праблема застаецца нявырашанай. Праз новыя правілы легалізацыі, з 6 жніўня грамадзяне Беларусі, у якіх скончылася дзеяньне нацыянальнага пашпарту, страцілі магчымасьць працягнуць сваю легалізацыю ва Ўкраіне, бо абмяняць дазвол на жыхарства ва Ўкраіне можна толькі на падставе дзейнага дакумэнту.
Дэмакратычныя сілы Беларусі заклікалі ўрад Украіны адтэрмінаваць дзеяньне новых нормаў легалізацыі на 180 дзён, а за гэты час унесьці зьмены ў нарматыўна-праўныя акты, якія дазволяць працягваць дазволы на жыхарства таксама на падставе пратэрмінаваных нацыянальных пашпартоў. Аднак пакуль у гэтым накірунку нічога не зьмянілася.
З 2022 году ў міграцыйныя органы Ўкраіны па абарону зьвярнуліся 38 грамадзян Беларусі — толькі трох чалавек прызналі ўцекачамі, 16 атрымалі дадатковую абарону, а 17 атрымалі адмову. Некаторыя беларусы сутыкаюцца з адмовай нават прыняць дакумэнты на разгляд.
Згодна з інфармацыяй Дзяржаўнай міграцыйнай службы, ва Ўкраіне на падставе дазволу на часовае жыхарства знаходзяцца прыблізна тры тысячы грамадзян Беларусі, якія могуць праз новыя правілы апынуцца ў нелегальным становішчы.