Целы двух альпіністаў, якія загінулі ў Кіргізстане, спусьцілі з гары. Цела трэцяга яшчэ шукаюць

Горад Ош, дзе 27 жніўня адбудзецца працэдура апазнаньня целаў альпіністаў. Ілюстрацыйнае фота

Целы двух альпіністаў, якія загінулі на піку Курумды ў Кіргізстане, 25 жніўня спусьцілі з гары і перавезьлі ў горад Ош, дзе 27 жніўня адбудзецца працэдура іх апазнаньня.

Як паведамляюць на сайце, створаным для інфармаваньня аб пошуку зьніклых альпіністаў, у гэты горад ужо прыехалі сваякі загінулых альпіністаў.

«Пошук трэцяга ўдзельніка групы працягваўся яшчэ два дні і выніку ня даў. Ратаўнікі агледзелі ледаспад на траекторыі выпадзеньня рэчаў і расколіны на гэтым участку. Расколіны забітыя сьнегам, што прыходзіць з новымі лавінамі. Гэта робіць немагчымым выяўленьне цела, калі яно знаходзіцца ў расколіне. Візуальна прыкметаў цела на схіле і ў раёне заплечніка не знайшлі», — адзначаецца ў паведамленьні.

26 жніўня работу ратаўнікоў спынілі на няпэўны тэрмін праз аб’ектыўную небясьпеку для іх саміх: там безупынна адбываюцца каменныя абвалы і лавіны. Усіх ратаўнікоў таксама вывезьлі ў горад Ош. Калі зьявіцца абгрунтаваная вэрсія, дзе шукаць далей, пошукі могуць аднавіць.

Што папярэднічала

9 жніўня стала вядома, што пасьля ўзыходжаньня на пік Курумды 4 жніўня перасталі выходзіць на сувязь два беларускія і адзін літоўскі альпіністы.

43-гадовы Максім Палянскі, 60-гадовы Мікалай Сьвірыдаў і 37-гадовы літоўскі альпініст Сяргей Рубцоў падняліся на пік Курумды вышынёй 6613 мэтраў 1 жніўня і абвясьцілі, што пачнуць спуск 2 жніўня. Яны зьвязаліся з апэратарам і паведамілі, што гатовыя рухацца ў бок базавага лягеру. У прызначаны час 4 жніўня група не прыйшла на кантрольны пункт.

Спачатку кіргіскія ратаўнікі знайшлі намёт зьніклых і некаторыя рэчы альпіністаў.

Раніцай 16 жніўня пры аблёце схілу дрон зьняў месца сходу сьнежна-каменнай масы. Пры разборы відэазапісаў побач са знойдзенымі раней рэчамі выявілі целы двух альпіністаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіргізстане ў гарах зьніклі двое беларускіх альпіністаўУ Кіргізстане ў часе пошуку зьніклых альпіністаў знайшлі іхныя рэчыУ Кіргізстане празь сьнегапад спынілі пошукі зьніклых беларускіх альпіністаў. Сваякі разьлічваюць, што яны жывыяУ гарах у Кыргызстане знойдзеныя целы — імаверна, зьніклых раней беларускіх альпіністаў