Пад канец жніўня сёлета ў Беларусі намалацілі 8,45 мільёна тонаў збожжа і зернебабовых з улікам рапсу. Такія лічбы агучвае БелТА з спасылкай на міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Агулам ураджай прыбралі з 93% плошчаў.
Калі ўраджайнасьць будзе такой жа, а гэта каля 3,69 тоны з гектара, то агульны ўраджай у Беларусі ў 2026 годзе можа скласьці каля 9 мільёнаў тонаў.
Ізноў не атрымалася
Пра сёлетні ўраджай Лукашэнка папярэдне казаў як пра «найлепшы для сельскагаспадарчых культураў» і марыў ажно пра 12 мільёнаў тонаў збожжа.
У ранейшыя гады ён загадваў сабраць 10 мільёнаў тонаў. І ня першы раз. Пра 10-мільённы ўраджай Лукашэнка гаворыць прынамсі з 2008-га амаль кожны год.
За гэты час дзяржаўныя СМІ некалькі разоў нават паведамлялі, што рэкорд дасягнуты. Напрыклад, так было ў 2025 годзе: нібыта 10 мільёнаў тонаў ёсьць, нават больш.
Уборачная ў Беларусі. Архіўнае фота
Праўда, тады не абышлося бяз своеасаблівых «фальсыфікацыяў». Агульны ўраджай збожжавых тады падсумоўвалі з улікам рапсу, які ня ёсьць збожжам ці зернем, паводле біёлягаў гэта наагул капуста. Бяз рапсу было 9,1 мільёна тонаў.
У 2022 годзе дзяржаўныя СМІ зноў расказвалі пра 10,2 мільёна тонаў сабранага ўраджаю. І таксама з улікам рапсу і нават кукурузы. Насамрэч збожжа і зернебабовых тады намалацілі 8,7 мільёна тонаў.
Згодна з дадзенымі БелТА з 1994 году, калі Лукашэнка стаў кіраваць Беларусьсю, 10 мільёнаў тонаў менавіта збожжа і зернебабовых не зьбіралі ніколі. Найбольшы ўраджай быў у 2014 годзе — 9,5 мільёнаў тонаў збожжа і зернебабовых.
Горш толькі ў Расеі
Сёлета ва ўборачнай кампаніі ў Беларусі былі навацыі. У ёй удзельнічалі сілавікі, якія фармавалі асобныя экіпажы. Аграрыяў, якія, на думку начальства, кепска працавалі, наадварот, у выхаваўчых мэтах адправілі служыць у войска. Аднак усе гэтыя меры, мяркуючы зь лічбаў, моцна не паўплывалі на ўраджайнасьць. Гэты паказьнік у Беларусі знаходзіцца на адзнацы 3,9 тоны з гектара. І вось так ён выглядае ў параўнаньні з суседзямі, дзе абыходзяцца і бяз карных мераў, і без заяваў аб «бітве за ўраджай».
Жніво. Архіўнае фота
- Літва: 4,5–5 тонаў з гектара
- Польшча: 4,2–4,8 тоны з гектара
- Украіна: 4,4–4,6 тоны з гектара
- Латвія: 4,2–4,4 тоны з гектара
- Беларусь: 3,9 тоны з гектара
- Расея: каля 3,3–4 тоны з гектара
Падобная карціна ўраджайнасьці была і раней, напрыклад, паводле зьвестак на 2024 год.
Пры гэтым у Расеі такая ўраджайнасьць складаецца з улікам засушлівых рэгіёнаў. Напрыклад, на поўдні яна вышэйшая — да 4 тонаў з гектара.
Калі б ураджайнасьць у Беларусі была такой, як у Літве, то ўдавалася б зьбіраць каля 12 мільёнаў тонаў збожжа. Акурат столькі, колькі сёлета зноў марыў сабраць Лукашэнка.
«Тэхналягічная адставаньне, недахоп работнікаў»
Паводле Алісы Рыжычэнкі, прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях эканомікі, на ўраджай у Беларусі ўплываюць комплексныя неразьвязаныя праблемы ў сельскай гаспадарцы.
«Па-першае, гэта тэхналягічнае адставаньне ў сельскай гаспадарцы. Па-другое, гэта недахоп работнікаў. Нягледзячы на тое, што на ўборачную прыцягваюць людзей з усіх галін, гэтага недастаткова, каб у сельскай гаспадарцы былі работнікі на пастаяннай аснове. Іх не хапае ні на сяўбе, ні на ўборцы ўраджаю. Акрамя таго, ёсьць пытаньне сабекошту ўгнаеньняў, пытаньне сабекошту і наяўнасьці сеяных культураў. Больш правільна было б глядзець на паказьнікі ўраджайнасьці і рэнтабэльнасьці аднаго гектара ў сельскай гаспадарцы, а не на тое, што трэба за ўсякую цану сабраць 10 мільёнаў тонаў. Калі нават сабраць 10 ці 11 мільёнаў тонаў, мы маем закрэдытаваныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы з вялізнымі даўгамі, тэхналягічным адставаньнем і недахопам працоўнай сілы», — адзначае суразмоўца.
Архіўнае фота
І дадае, што названыя праблемы трэба вырашаць шляхам комплексных рэформаў у сельскай гаспадарцы, а не праз спушчаныя зьверху паказьнікі ўраджайнасьці.
«Гэта ўсё праблема развіцьця сельскай гаспадаркі, развіцьця малых рэгіёнаў і сельскай мясцовасьці. Яе разьвязаньне залежыць ня столькі ад таго, як вы кіруеце сельскай гаспадаркай, колькі ад таго, якія ёсьць магчымасьці для жыцьця на вёсцы, якая ёсьць інфраструктура. Якія працоўныя месцы, які заробак атрымліваюць людзі, куды могуць хадзіць іхныя дзеці — у школу, дзіцячы садок, на гурткі, ці ёсьць у гэтай мясцовасьці крамы, паліклінікі. Таксама важнае пытаньне — ці існуе права ўласнасьці на зямлю, каб сельская гаспадарка была не дзяржаўнай, а працавала ў фармаце прыватных фэрмэрскіх гаспадарак. Менавіта ў такім фармаце яна пачынае прыносіць прыбытак», — гаворыць экспэртка.
І заўважае, што кіраўнікоў у селськай гаспадарцы прызначаюць не паводле прафэсійных якасьцяў, а паводле ідэалягічнай ляяльнасьці, што ня робіць эканоміку эфэктыўнай.
Згодна зь Белстатам, 65,4% сельскагаспадарчых арганізацыяў у Беларусі, калі ня ўлічваць фінансавую дзяржаўную падтрымку, ёсьць стратнымі. Цяпер такіх гаспадарак 663, а летась іх было на 139 менш.