СМІ: У Маскву прылятаў дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф

Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф, архіўнае фота

Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф прыбыў у Маскву для сустрэчаў з расейскімі чыноўнікамі, паведаміла CBS News са спасылкай на крыніцы.

Крыніца Axios паведаміла, што ЗША загадзя папярэдзілі Ўкраіну пра прыезд «высокапастаўленай дэлегацыі» і папрасілі прыпыніць удары да яе ад’езду.

Сёньня раніцай у падмаскоўны аэрапорт Унукава з Рыгі прыляцеў вайскова-транспартны самалёт Boeing C-17 Globemaster III. Гэты ж самалёт вылецеў з амэрыканскай авіябазы Эндрус у Мэрылэндзе. Пазьней у Маскве заўважылі картэж аўтамабіляў з нумарамі дыпляматычнага корпусу ЗША.

Журналіст крамлёўскага пулу Аляксандар Юнашаў мяркуе, што Рэткліф прыехаў у Маскву на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Ён расказаў, што Крэмль плянаваў для Пуціна маштабнае мерапрыемства, але некалькі дзён таму яго перанесьлі.

CBS адзначае, што гэта першая вядомая паездка Рэткліфа ў Расею на пасадзе дырэктара ЦРУ. Пры гэтым выданьне піша, што Рэткліф падтрымліваў кантакты з кіраўнікамі расейскай выведкі.

Апошні раз кіраўнік ЦРУ прыяжджаў у Маскву ў 2021 годзе. Тады гэтую пасаду пры адміністрацыі Джо Байдэна займаў Ўільям Бэрнс.

Паводле зьвестак каналу «Кровавая барыня», які належыць Ксеніі Сабчак, амэрыканцы прыбылі ў Расею, каб забраць грамадзяніна ЗША Чарльза Зымэрмана, асуджанага ў РФ. Сёлета яго асудзілі на пяць гадоў папраўчай калёніі за незаконную перавозку зброі і боепрыпасаў.

Каля 18:40 паводле маскоўскага часу Boeing C-17 вылецеў з Масквы. На гэта паказваюць зьвесткі Flightradar24, зьвярнула ўвагу «Агентство». Акрамя таго, відэа ўзьлёту самалёта апублікаваў тэлеканал Міністэрства абароны Расеі «Звезда». Ці знаходзіцца Рэткліф на борце, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША пачынаюць «эканамічны наступ» на Іран і патрабуюць ад іншых краін спыніць падтрымку Тэгерану

Напачатку жніўня дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША «ў найбліжэйшыя тыдні» прыкладуць намаганьні, каб дамагчыся разуменьня, ці магчымае аднаўленьне мірных перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Кіеў неаднаразова заяўляў пра гатоўнасьць да мірных перамоваў і спыненьня агню.

24 жніўня, у дзень 35-й гадавіны незалежнасьці Ўкраіны, больш за 50 краінаў — сябраў ААН заклікалі Расею пагадзіцца на поўнае, неадкладнае і безумоўнае спыненьне агню ва Ўкраіне і на аднаўленьне мірных перамоваў. Расейскі прадстаўнік Васіль Нябензя адхіліў гэтыя заклікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Такаеў на сустрэчы з Пуціным прапанаваў «замарозіць» вайну Расеі супраць Ўкраіны