Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў грамадзянам Беларусі, якія разам з украінскімі вайскоўцамі абараняюць Украіну.
«Эўропа ня можа дазволіць сабе страціць ніводную нацыю, што імкнецца да рэальнай незалежнасьці. Гэтак жа важна, каб Беларусь не была ўцягнутая ў жорсткую вайну Расеі і ў рэшце рэшт ператварылася ў дэмакратычную, адкрытую і мірную краіну. Украіна ўдзячная тым беларусам, якія разам з украінскімі салдатамі абараняюць нашу агульную свабоду», — напісаў Зяленскі.
Віншаваньня Аляксандра Лукашэнкі з Днём Незалежнасьці, якое той накіраваў 24 жніўня народу Ўкраіны, Зяленскі не згадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна пяты раз адзначае Дзень Незалежнасьці ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. Як павіншавалі краіну Ціханоўская і ЛукашэнкаШто папярэднічала
Украіна 24 жніўня адзначала Дзень Незалежнасьці.
Лідэры шэрагу замежных дзяржаваў накіравалі Ўладзіміру Зяленскаму і ўкраінскаму народу свае віншаваньні.
Сьвятлана Ціханоўская, віншуючы Ўкраіну з Днём Незалежнасьці, адзначыла, што ўкраінцы плацяць за сувэрэнітэт сваёй краіны вялікую цану.
«Сваім прыкладам вы паказваеце ўсяму сьвету, што такое мужнасьць. І даяце надзею іншым народам, якія таксама змагаюцца за свабоду. Тры месяцы таму я была ў Кіеве і бачыла вашу сілу на свае вочы. Краіна ваюе — і жыве. Працуе. Вучыцца. Будуе. Плянуе будучыню. І я хачу, каб вы ведалі: беларусы — на вашым баку», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Яна нагадала, што на баку Ўкраіны змагаюцца беларускія добраахвотнікі, а партызаны ў Беларусі спынялі расейскія вайсковыя эшалёны.
«Валянтэры ратуюць жыцьці, зьбіраюць машыны, дроны і мэдычную дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае Ўкраіне па ўсім сьвеце. Журналісты і актывісты выкрываюць расейскую прапаганду і злачынствы рэжыму. А ў беларускіх турмах дагэтуль сядзяць людзі за салідарнасьць з Украінай і супраціў расейскай агрэсіі. Гэта — сапраўдная Беларусь», — падкрэсьліла Сьвятлана Ціханоўская.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла, што ён павіншаваў з Днём Незалежнасьці ўкраінскі народ. Імя Зяленскага ў сваіх віншаваньнях Лукашэнка ня згадвае з 2021 году.
У віншаваньні Лукашэнка адзначыў, што «будучыя пакаленьні беларусаў і ўкраінцаў захаваюць адвечныя сяброўскія і роднасныя сувязі, а Менск і Кіеў адновяць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на прынцыпах даверу, павагі і раўнапраўя».
«Гістарычныя лёсы беларускага і ўкраінскага народу цесна пераплеценыя. Нашыя нацыі зьвязваюць векавыя традыцыі, памяць пра агульныя перамогі і цяжкія выпрабаваньні», — сказана ў Лукашэнкавым віншаваньні.
Амаль празь пяць гадоў пасьля таго, як Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году, ён зычыць украінцам «здароўя і працьвітаньня, а іхнай краіне — міру і шчасьця».