Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША выключыў Сырыю зь сьпісу краін, якія фінансуюць тэрарызм.
Як паведаміла агенцтва AFP, улады Сырыі расцанілі гэта як чарговы крок да пацяпленьня дачыненьняў паміж краінамі.
Апроч таго, ЗША выключылі арганізацыю «Фронт ан-Нусра», пазьней вядомую як «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ), зь сьпісу глябальных тэрарыстычных арганізацыяў. Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла аб зьняцьці санкцыяў зь яе.
«Сёньняшнія дзеяньні дапамогуць стымуляваць дадатковыя інвэстыцыі ў Сырыю для спрыяньня палітычнай і эканамічнай стабільнасьці», — заявіў міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт.
Паводле яго, гэтыя крокі «адпавядаюць абяцаньню прэзыдэнта (Дональда) Трампа палегчыць санкцыі супраць Сырыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Суд у Сырыі завочна прысудзіў Башара Асада да сьмяротнага пакараньняЯк адрэагавалі ў Сырыі
ХТШ раней была вядомая як «Фронт ан-Нусра» і была зьвязаная з Аль-Каідай. Арганізацыя разарвала сувязі з джыхадысцкай групоўкай у 2016 годзе.
Сёлета ў ліпені ЗША анансавалі намер выключыць Сырыю зь сьпісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму. Трамп сустрэўся ў кулюарах саміту NATO у Турэччыне з сырыйскім прэзыдэнтам, былым джыхадыстам, які імкнуўся пераасэнсаваць сябе як аб’яднаўчую фігуру пасьля зрынаньня сямʼі Асадаў, якая паўстагодзьдзя кіравала Сырыяй жалезнай рукой.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што гэтае рашэньне адміністрацыі адкрыла сырыйцам «шлях да дабрабыту».
Высокія чыноўнікі ў Дамаску віталі гэтае рашэньне ЗША і ацанілі яго як вялікую магчымасьць для краіны, усё яшчэ эканамічна разбуранай пасьля дзесяцігодзьдзя вайны, у якой, паводле праваабаронцаў, загінулі больш за паўмільёна чалавек.
Міністар замежных справаў Сырыі Асад аль-Шайбані назваў гэта «гістарычнай вяхой» і сказаў, што рашэньне ЗША адлюстроўвае «прыхільнасьць новай сырыйскай дзяржавы міжнароднаму міру і бясьпецы».
Міністар фінансаў Мухамад Бэрніе назваў гэты крок «посьпехам сырыйскай дыпляматыі».
Прэзыдэнт Сырыі Ахмэд аль-Шараа заявіў, што яго краіна пазбавілася цёмнай плямы пасьля таго, як ЗША выключылі яе зь сьпісу дзяржаваў-спонсараў тэрарызму.
«Сёньня Сырыя пазбаўляецца цёмнай плямы і парывае з балючым пэрыядам свайго мінулага, каб стаць на шлях разьвіцьця, рэканструкцыі і аднаўленьня», — працытавала яго агенцтва AFP.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Саміт NATO ў Анкары абмяркоўвае выклікі войнаў ва Ўкраіне, Блізкім Усходзе і большую адказнасьць ЭўропыСырыя пасьля Асада
8 сьнежня 2024 году ў Сырыі абрынуўся рэжым Асадаў. Да ўлады прыйшла пратурэцкая ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам», прызнаная тэрарыстычнаю у ЗША, Эўразьвязе і іншых краінах. Яе лідэр Ахмэд аш-Шараа стаў фактычным кіраўніком дзяржавы.
Былы прэзыдэнт Сырыі Башар Асад уцёк у Расею, дзе разам зь сям’ёй атрымаў прытулак. Цяперашняе кіраўніцтва Сырыі ўжо паслала ў Маскву запыт на выдачу былога дыктатара, але марна.
У сакавіку 2025 году ў Сырыі прызначылі новы ўрад, у склад якога ўвайшлі нацыянальныя меншасьці, у тым ліку курды.
У сярэдзіне сакавіка 2025 году аш-Шараа падпісаў часовую канстытуцыйную дэклярацыю. Яна будзе дзейнічаць цягам пераходнага пэрыяду. У дакумэнце гаворыцца, што асновай сырыйскага заканадаўства мусіць стаць ісламскае права. Разам з тым у дакумэнце зафіксаваныя гарантыі захаваньня правоў жанчын, свабоды слова і прэсы.
Пасьля прыходу да ўлады аш-Шараа лідэры заходніх краін сталі казаць аб магчымым зьняцьці санкцыяў з Сырыі — пры ўмове захаваньня правоў чалавека разам з рэлігійнымі і этычнымі свабодамі.
У пачатку сакавіка 2025 году ў Сырыі адбылося паўстаньне алавітаў — прадстаўнікоў арабскай меншасьці, да якой належыць клан Асадаў. Паводле зьвестак Сырыйскага цэнтру маніторынгу выкананьня правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, загінулі каля тысячы мірных жыхароў.
Дзейныя ўлады Сырыі заявілі, што ў час паўстаньня зьліквідавалі рэшткі рэжыму Асада ў правінцыях Лятакія і Тартус. Краіны Захаду запатрабавалі прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у масавых забойствах алавітаў.