У жніўні 2026 году «канчаткова зачыніла свае дзьверы» француская мэдыятэка — заля інфармацыі пра сучасную Францыю ў Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна.
Заля прапрацавала 30 гадоў, адзначаецца ў паведамленьні францускай амбасады.
«За трыццаць гадоў узорнага супрацоўніцтва зь бібліятэкай імя Пушкіна ў Менску гэтая франкамоўная чытальная заля дапамагала лепш пазнаць Францыю, яе мову і культуру. Яна таксама служыла месцам правядзеньня музычных, мастацкіх і філязофскіх сустрэч, кінапаказаў, настольных гульняў і выстаў, абуджала лінгвістычны інтарэс у дзяцей малодшага веку», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Пасольства дало зразумець, што мэдыятэка зачыняецца з палітычных прычын, адзначае «Позірк».
«Нашыя думкі цяпер з аматарамі кніг на мове Мальера, якія ў Беларусі карысталіся ўнікальнай калекцыяй у рамках па сутнасьці звычайнага праекту, які, аднак, выклікаў дастаткова страхаў, каб яго завяршыць».
Пра закрыцьцё мэдыятэкі 14 ліпеня на прыёме з нагоды Нацыянальнага сьвята Францыі рэзка выказаўся цяпер ужо былы павераны ў ейных справах Людавік Руае:
«Празь некалькі тыдняў я назаўжды пакіну Беларусь пасьля чатырох гадоў, якія дададуцца да шасьці гадоў, праведзеных тут з 2005 па 2011 год (дарадцам па супрацоўніцтве і культурнай дзейнасьці. — „Позірк“). З глыбокім пачуцьцём незавершанасьці я зьяжджаю : па-першае, бо ў той момант, калі я зьбіраюся перадаць эстафэту, мы перажываем закрыцьцё францускай мэдыятэкі, плёну трыццацігадовага супрацоўніцтва зь Менскай бібліятэкай імя Пушкіна, — асуджэньне, тым больш неспасьціжнае, што яно адбываецца ў той час, калі нашы намаганьні па дыялёгу набываюць форму; а па-другое, таму што задача, якую неабходна выканаць, каб вывесьці нашы стасункі з тупіка, у які яны зайшлі, проста звышчалавечая».
6 жніўня на сустрэчы Руае са старшынёй пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы, былым міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам, як паведамляла прэс-служба верхняй палаты, «была акцэнтаваная неабходнасьць захаваньня адкрытых каналаў камунікацыі» для выбудоўваньня «ўзаемнай павагі, пошуку пунктаў судакрананьня і паступальнага разьвіцьця культурна-гуманітарных сувязяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зьбіралі да 200 чалавек. Што вядома пра адмену квізаў у ГорадніЧаму гэта важна
У Беларусі працягваецца зачыстка ўладамі культурнай прасторы.
Беларускі ПЭН зафіксаваў 738 парушэньняў культурных правоў толькі за студзень—чэрвень 2026 году. 15 культурных і адукацыйных арганізацыяў за гэты час былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». На 15 жніўня ў няволі ня менш за 126 дзеячаў культуры, а колькасьць забароненых кніг дасягнула 375.
У лютым 2026-га ў Беларусі прайшла хваля затрыманьняў выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў — «Вясна» паведамляла як мінімум пра 10 затрыманых.
У Беларусі сёлета абвясьцілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» выдавецтвы Kamunikat.org, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing і Gutenberg Publisher. Менскае выдавецтва «Тэхналёгія» спыніла працу, як і кнігарня Knihi.by, якую таксама ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Спэцыяльны дакладчык пра стан правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс адзначыў, што рэпрэсіі ў Беларусі «ўключаюць у сябе сыстэматычную перабудову культурнай прасторы, сыстэмы адукацыі, выкарыстаньня мовы і гістарычных наратываў». «Задушэньне культурных правоў мае доўгатэрміновы ўплыў, бо мова, памяць і культурная вытворчасьць, якая сёньня душыцца, ня можа быць лёгка перададзена будучым пакаленьням», — гаворыцца ў дакладзе.