Паводле новых правілаў, аднапалатны парлямэнт — Курултай — фармуецца паводле партыйных сьпісаў. Да выбараў дапушчаныя сем партыяў. Беспартыйныя кандыдаты ўдзелу ў выбарах ня бяруць.
Галасаваньне пачалося а 7-й раніцы і працягнецца да 20-й гадзіны. Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, на поўдзень яўка склала 37 працэнтаў. Партыі вылучылі 545 кандыдатаў, у Курултаі будзе 145 дэпутатаў.
Раней Мажыліс, ніжняя палата парлямэнту, абіраўся паводле зьмешанай сыстэмы — як паводле партыйных сьпісаў, так і ў аднамандатных акругах. Цяпер аднамандатных акругаў няма: усе дэпутаты абіраюцца паводле агульнанацыянальнай акругі. Для трапленьня ў парлямэнт партыі мусяць пераадолець пяціпрацэнтны бар’ер.
Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што ўсе сем партыяў ляяльныя прэзыдэнту Касыму-Жомарту Токаеву. Найбольш блізкай да яго лічыцца новая партыя «Әділет».
Цэнтравыбаркам акрэдытаваў больш за 700 міжнародных назіральнікаў, у тым ліку доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ. У сваім прамежкавым справаздачы місія адзначыла праблемы з палітычнай канкурэнцыяй, свабодай мэдыя і самацэнзурай у Казахстане напярэдадні выбараў.
У справаздачы гаворыцца, што адсутнасьць сапраўдных апазыцыйных партыяў і незалежных кандыдатаў абмяжоўвае палітычны ўдзел і плюралізм.
Афіцыйная Астана з такой ацэнкай ня згодная. Такаеў заявіў, што выбарчая кампанія была «зьмястоўнай, адкрытай, канкурэнтнай, цывілізаванай», а самі выбары запомняцца як «найцікавейшыя ў гісторыі нашай краіны».
Папярэднія вынікі выбараў чакаюцца ў панядзелак, 24 жніўня. Канчатковыя вынікі Цэнтральная выбарчая камісія павінна ўстанавіць цягам дзесяці дзён.
Новая Канстытуцыя, распрацаваная пры непасрэдным удзеле Такаева, абнуліла яго папярэднія прэзыдэнцкія тэрміны. У мінулым месяцы Канстытуцыйны суд пастанавіў, што Такаеў мае права балятавацца яшчэ на адзін сямігадовы тэрмін.