Лукашэнка расказаў кіраўніку хунты М’янмы, як кіраваць народам, і паабяцаў яму дапамогу

Кіраўнік М’янмы Мін Аўнг Глайнг і Аляксандар Лукашэнка перад афіцыйнай сустрэчай у Менску, 21 жніўня 2026

Раніцай 21 жніўня адбылася афіцыйная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка хунты М’янмы Мін Аўнг Глайнга.

Перад гэтым напярэдадні ўвечары яны правялі нефармальную размову.

Як сустракалі

Афіцыйная сустрэча адбывалася ў Палацы незалежнасьці ў Менску. Сустракаць Мін Аўнг Глайнга выйшаў сам Лукашэнка.

На пляцы стаяла рота ганаровай варты і вайсковы аркестар, які выканаў гімны дзяржаваў.

Рота ганаровай варты сустракае кіраўніка М’янмы Мін Аўнг Глайнга ў Менску

На відэазапісе і фота, распаўсюджаным прэсавай служба Лукашэнкі, быў і міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў. Хоць 18 жніўня неафіцыйны канал МЗС Беларусі паведамляў, што ён зь сям’ёй на адпачынку ў КНДР.

Кіраўнік М’янмы Мін Аўнг Глайнг вітае прадстаўнікоў беларускага ўраду перад перамовамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка павячэраў з прэзыдэнтам М’янмы «ў хатняй абстаноўцы»

Што абмеркавалі

У складзе беларускай дэлегацыі на расшыраных перамовах удзельнічалі пяць міністраў, кіраўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, вайскова-прамысловага комплексу, Дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналёгіяў, а таксама канцэрну «Беллегпрам».

Як паведаміла прэсавая служба Лукашэнка, на сустрэчы ён ацаніў пэрыяд кіраўніцтва вайсковай хунты ў М’янме як «вельмі важны, калі не важнейшы этап у сваім разьвіцьці».

«Вы забясьпечылі палітычную стабільнасьць у сваёй дзяржаве. Народ надаў вам і сілам, якія за вамі стаяць, непасрэдную падтрымку, вельмі моцную падтрымку. І, як я разумею, перад вамі стаіць наступная, няпростая праблема — народу, які ў вас паверыў і вас падтрымаў на апошніх выбарах, дапамагчы, дапамагчы ў жыцьці. Можаце разьлічваць у гэтым і на нас», — сказаў Лукашэнка.

Цяпер у М’янме працягваецца зацяжная грамадзянская вайна, у якой вайсковая хунта спрабуе ўтрымаць кантроль над краінай на тле маштабнага супраціву паўстанцаў. Сілы хунты ўтрымліваюць вялікія гарады, сталіцу і ключавыя эканамічныя цэнтры, а на пэрыфэрыі яны сутыкаюцца сутыкаюцца з моцным ціскам кааліцый этнічных узброеных групіровак. Хунта актыўна выкарыстоўвае баявую авіяцыю і артылерыю па раёнах, якія лічацца апорнымі зонамі апазыцыі.

«Кажучы пра М’янму, я некалі сказаў, што гэта дзяржава зь вялікай будучыняй, дзяржава, багатая сваім нетрамі і рэсурсамі. Я невыпадкова перапытаў, а якое насельніцтва на сёньня ў М’янме. Насельніцтва ў пяць разоў больш, чым у Беларусі. Гэта вялікая лічба, за якой стаяць лёсы людзей, і, як я ўчора казаў, гэтых людзей трэба накарміць і апрануць. У гэтым пляне вы можаце разьлічваць на Беларусь», — дадаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік хунты М’янмы перад сустрэчай з Лукашэнкам пагаварыў пра эканоміку з Турчыным

Што наведаў кіраўнік М’янмы ў Беларусі

20 жніўня Мін Аўнг Глайнг правёў сустрэчу з прэм’ерам Беларусі Аляксандрам Турчынам, узяў удзел у Беларуска-м’янмскага форуму, а таксама наведаў Горадню і падсанкцыйнае прадпрыемства «Гродна Азот».

Публічна паведамлялася толькі аб адной нефармальнай сустрэчы, і тая была з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні сьцьвярджаў, што яны ўдвох абмяркоўвалі супрацу.

У М’янме кіруе вайсковая хунта

Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ў бок Глябальнага Поўдня і Паўднёва-Ўсходняй Азіі адбыўся з-за канфлікту Беларусі з Захадам.

У М’янме Лукашэнка выказваў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. А між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду запрасіў ордэр на арышт кіраўніка вайсковай хунты Мін Аўнг Глайнга, які стаў прэзыдэнтам.

У 2025 годзе Мін Аўнг Глайнг двойчы наведваў Беларусь. Галоўным кампанэнтам абодвух візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны па паглыбленьні абароннага супрацоўніцтва.

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрытае ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.

Вайсковае супрацоўніцтва каардынуецца праз сумесную камісію, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.

Праваабарончая арганізацыя Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусам далі «бязьвіз» у М’янму, але абавязалі рэгістраваць там свае мабільныя тэлефоны