За сядзібу ў Падароску, якую спрабавалі прывязаць да Напалеона, змагаліся 10 прэтэндэнтаў. Яе нарэшце прадалі

У такім стане знаходзіўся галоўны будынак маёнтку, калі яго выставілі на продаж 15 студзеня 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Новым ўласьнікам гістарычнай сядзібы сядзібы ў Падароску, якую ўлады сканфіскавалі ў папярэдняга інвэстара за нібыта невыкананьне ўмоў, стала юрыдычная асоба зь Менску. Іншыя дэталі не паведамілі.

Як адзначаецца на сайце Беларускай унівэрсальнай біржы, на плятформе якой 20 жніўня адбыўся аўкцыён, падчас таргоў цана сядзібы павялічылася з стартавых 450 рублёў да амаль 201 тысячы рублёў.

На аўкцыён зарэгістраваліся 10 прэтэндэнтаў. Таргі доўжыліся 4 гадзіны 17 хвілін, а за гэты час зрабілі 4 457 ставак.

Што папярэднічала

Комплекс аб’ектаў сядзібы Чачотаў — Бохвіцаў у Ваўкавыскім раёне Горадзенскай вобласьці пачалі выстаўляць на аўкцыён з лістапада 2025 году. Першапачаткова яе прапанавалі за 2 160 490 рублёў. Правялі чатыры аўкцыёны, але ніводнага разу на яго не зарэгістраваўся ніводны ахвочы.

Сёлета красавіку праўладны рэсурс times.by апублікаваў артыкул, у якім, каб прыцягнуць увагу патэнцыйных інвэстараў, паведамілі аб тым, што ў сядзібе спыняўся Напалеон. Але гэта выявілася фэйкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Без вады і Напалеона: цану сканфіскаванай сядзібы пад Ваўкавыскам зьнізілі ў пяць разоў

Хто валодаў сядзібай раней

Да 2024 году сядзібай валодаў расейскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Павал Падкарытаў. Ён яе набыў у 2013 годзе за $118 тысяч. Ён плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.

У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам за дзесяць гадоў інвэстар уклаў у праект каля мільёна даляраў.

Маёнтак Падароск — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ён пабудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. У яго было шмат уласьнікаў, апошнія зьвязаныя з Раманам Бохвіцам — гэта сын вядомага філёзафа Флярыяна Бохвіца. Раманавага сына Отана савецкія ўлады арыштавалі ў 1939 годзе, ён памёр у турме Ваўкавыску.

Згодна з умовамі продажу, маёнтак маюць пачаць выкарыстоўваць не пазьней як праз тры гады ад падпісаньня дамовы куплі-продажу або ў тэрміны, прадугледжаныя праектнай дакумэнтацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады зьменшылі стартавую цану маёнтку Падароск у Ваўкавыскім раёне і зноў выставілі на аўкцыён