Беларусь закрывае пасольства ў Фінляндыі

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Пастанова ўраду «Аб закрыцьці Пасольства Рэспублікі Беларусь у Фінляндзкай Рэспубліцы» ўжо зарэгістраваная ў Нацыянальным рэестры заканадаўства.

Тэкст пастановы пакуль не апублікаваны. 3 ліпеня на сайце беларускай дыпмісіі зьявілася абвестка пра «часовае прыпыненьне працы», перадае «Позірк».

Наведнікам раюць зьвяртацца ў генконсульства ў Латвіі або ў пасольства ў Швэцыі. Публікацыя інфармацыі пра супрацоўніцтва паміж краінамі спынілася ў 2022 годзе.

Фінляндыя не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Улады краіны пасьлядоўна падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы і зрабілі ўнёсак у Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі і падтрымкі беларускіх палітвязьняў і рэпрэсаваных.

Дыпляматычныя адносіны зь Фінляндыяй Беларусь усталявала 26 лютага 1992 году. У 2010 годзе ў Менску адкрылася аддзяленьне пасольства Фінляндыі ў Літве. А зь сьнежня 2011 году ў Фінляндыі пачало працаваць дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт М’янмы ў Менску сустрэнецца з Лукашэнкам і адкрые амбасаду

Якія беларускія пасольствы закрылі з 2020 году, а якія адкрылі

«Аптымізацыя сеткі беларускіх замежных установаў» адбываецца з красавіка 2021 году. Пры гэтым павялічваецца колькасьць генэральных консульстваў Беларусі ў Расеі.

З 1 восені 2021 году перастала працаваць пасольства ў Канадзе і Эквадоры.

Увосень 2023 году Менск закрыў пасольства ў Славаччыне. Апошнім паслом у Славаччыне быў Ігар Ляшчэня, які выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Аднак пасьля таго, як прэм’ер-міністрам Славаччыны стаў Робэрт Фіца, місію вырашылі зноў адкрыць. Новы беларускі пасол уручыў даверчыя граматы прэзыдэнту Славаччыны ў студзені 2025 году.

Пасольства ў Экватарыяльнай Гвінеі пасьпелі ўжо і адкрыць (2024), і закрыць (2026).

✓ Новыя пасольствы адкрыліся ў Зымбабвэ (2022) і Ватыкане (2025).

✓ У плянах адкрыцьцё беларускіх пасольстваў у КНДР, М’янме і Амане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Посьпехі там, дзе не было Лукашэнкі. Як Беларусь гандлюе з Афрыкай