Скандал з затрыманьнем украінскіх інкасатараў у Вугоршчыне абярнуўся супраць падначаленага Орбана

Ашчадны банк Украіны, ілюстрацыйнае фота

У Вугоршчыне закрылі справу супраць украінскіх інкасатараў. І расьсьледуюць справу супраць адказных за незаконнае затрыманьне.

Сьледчыя ў Вугоршчыне закрылі справу аб адмываньні грошай, распачатую супраць украінскіх інкасатараў і «Ощадбанка» ў пэрыяд знаходжаньня Віктара Орбана на пасадзе вугорскага прэм’ера. Пра спыненьне справы паведамілі прэс-служба «Ощадбанка» і адвакат Лорант Горват, які прадстаўляе інтарэсы ўкраінскіх інкасатараў.

Паводле Горвата, справу спынілі з прычыны адсутнасьці складу злачынства. Сьледзтва высьветліла, што грошы і золата праз тэрыторыю Вугоршчыны ў інкасатарскім аўтамабілі перавозілі цалкам законна.

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заклікаў прыцягнуць да адказнасьці ўсіх датычных да «фабрыкацыі гэтай выдумкі».

«Прадказальны канец хлусьні Віктара Орбана. І папярэджаньне ўсім астатнім: стаўка на антыўкраінскую рыторыку дзеля ўнутранай выгады прыносіць толькі палітычную паразу і ганьбу. Аднак гэтая гісторыя павінна мець працяг і пасьля публічнай ганьбы. Кожны, хто ўдзельнічаў у фабрыкацыі гэтай выдумкі і незаконным затрыманьні нашых людзей і дзяржаўнай маёмасьці, павінен быць прыцягнуты да адказнасьці», — напісаў ён у сацсетцы X.

З чаго ўсё пачалося

У студзені 2026 году Ўкраіна спыніла транзыт нафты ў Вугоршчыну, спаслаўшыся на тое, што нафтаправод «Дружба» пашкоджаны расейскім абстрэлам. Вугоршчына адрэагавала рэзкімі заявамі. Гэты канфлікт адбываўся на фоне больш шырокіх рознагалосьсяў паміж Кіевам і Будапэштам — урад Віктара Орбана блякаваў пачатак перамоў наконт далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу.

5 сакавіка ў Вугоршчыне затрымалі інкасатарскія машыны ўкраінскага «Ощадбанку» з 40 мільёнамі даляраў ЗША, 35 мільёнамі эўра і 9 кг золата. Банк заявіў, што ня бачыць ніякай магчымай юрыдычнай падставы для гэтага затрыманьня.

Міністар замежных справаў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў, што «пакуль Кіеў ня дасьць выразных тлумачэньняў наконт паходжаньня і прызначэньня сродкаў, вугорскія ўлады правядуць стараннае расьсьледаваньне». Каля амбасады Ўкраіны ў Вугоршчыне кіроўная партыя правяла мітынг, на якім Сіярта выступіў з крытыкай Украіны.

МЗС Украіны заклікала ўстрымацца ад паездак у Вугоршчыну праз пагрозу бясьпецы. Ва Ўкраіне дзеяньні Вугоршчыны назвалі «беспрэцэдэнтным актам дзяржаўнага бандытызму і рэкету».

6 сакавіка інкасатары вярнуліся ва Ўкраіну, але аўтамабілі, грошы і золата засталіся ў Вугоршчыне.

10 сакавіка міністар будаўніцтва і транспарту Вугоршчыны Янаш Лазар сказаў, што дзеяньні Вугоршчыны былі зьвязаныя з спыненьнем транзыту нафты: «Бо калі нас шантажуюць, мы ж ня можам быць такімі дурнямі, каб проста дазволіць гэта рабіць». Афіцыйнай жа прычынай называлася барацьба з адмываньнем грошай.

У красавіку Віктар Орбан прайграў выбары.

6 траўня затрыманыя грошы і золата вярнулі Ўкраіне. Пра гэта стала вядома за тры дні да ўступленьня на пасаду прэм’ер-міністра краіны Пэтэра Мадзяра.

У сярэдзіне чэрвеня Пэтэр Мадзяр даручыў правесьці ўнутранае расьсьледаваньне ў Нацыянальным падатковым і мытным упраўленьні, Цэнтры барацьбы з тэрарызмам ды іншых органах у справе ўкраінскага «залатога канвою».

Паралельна пракуратура расьсьледуе абставіны незаконнага затрыманьня ўкраінскіх інкасатараў. Пры канцы чэрвеня былому генэральнаму дырэктару Цэнтру барацьбы з тэрарызмам Вугоршчыны Янашу Гайду выставілі афіцыйныя падазрэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Усе дзяржавы Эўразьвязу пагадзіліся адкрыць першы этап перамоваў пра ўступленьне з Украінай і Малдовай