Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе дзяржавы Эўразьвязу пагадзіліся адкрыць першы этап перамоваў пра ўступленьне з Украінай і Малдовай

Усе дзяржавы Эўрапейскага зьвязу пагадзіліся адкрыць першы этап перамоваў пра ўступленьне ў ЭЗ з Украінай і Малдовай, паведамілі старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен і старшыня Эўрапейскай рады Антонію Кошта.

«На першай Міжурадавай канфэрэнцыі ў панядзелак мы адкрыем клястэр „Асновы“, ключавы ў працэсе далучэньня. Ён ахоплівае асноўныя каштоўнасьці і прынцыпы, на якіх пабудаваны ЭЗ, — ад вяршэнства права да моцных дэмакратычных інстытутаў. Гэта прызнаньне рашучасьці, мужнасьці і напружанай працы, якія абедзьве краіны прадэманстравалі ў прасоўваньні рэформаў нават перад абліччам велізарных выклікаў», — гаворыцца ў заяве.

Прычым далейшы шлях да ўступленьня ў Эўразьвяз краіны, магчыма, пройдуць паасобку, паведамілі некалькі высокапастаўленых дыпляматаў ЭЗ, не ўпаўнаважаных даваць афіцыйныя камэнтары СМІ, Украінскай службе Радыё Свабода.

«Мы чакаем, што Малдова будзе хутчэйшай», — дадаў дыплямат, патлумачыўшы гэта меншым памерам краіны, больш кампактнай дзяржаўнай сыстэмай і тым, што Малдова не знаходзіцца ў стане вайны.

Усяго працэс уступленьня складаецца з шасьці этапаў, на якіх краіна даказвае сваю адпаведнасьць вымогам Эўразьвязу ва ўсіх сфэрах — ад вяршэнства права і дзяржаўнага кіраваньня да ўнутранага рынку, энэргетыкі, сельскай гаспадаркі і зьнешніх адносінаў.

На першым этапе Эўракамісія ацэніць незалежнасьць судовай сыстэмы, барацьбу з карупцыяй, празрыстае выкарыстаньне дзяржаўных сродкаў, сумленную канкурэнцыю падчас дзяржаўных тэндэраў і якасьць дзяржаўнай статыстыкі. Прычым гэты этап адкрываецца першым і закрываецца апошнім. Таму вынікі рэформаў у гэтых сфэрах у значнай ступені будуць вызначаць, ці змогуць Украіна і Малдова рухацца да сяброўства ў ЭЗ аднолькавымі тэмпамі.

Малдова і Ўкраіна адначасова атрымалі статус кандыдатаў у Эўразьвяз летам 2022 году. Аднак падчас кіраваньня Віктара Орбана Вугоршчына блякавала пачатак перамоў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG