Праваахоўныя органы Ўкраіны ідэнтыфікавалі яшчэ аднаго расейскага салдата, які расстрэльваў аўтамабілі з цывільнымі, калі тыя спрабавалі выехаць з акупаванай на той час тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці.
У жніўні 2023 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў ордэнам «За мужнасьць».
Завочнае расьсьледаваньне, вышук і арышт
Сёлета ў канцы ліпеня Новазаводзкі раённы суд Чарнігава дазволіў сьледчым праводзіць завочнае дасудовае расьсьледаваньне супраць ураджэнца Азэрбайджану, грамадзяніна Расеі Шахіна Шарыфзада паводле ч. 2 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Абвестку аб гэтым апублікавала дзяржаўнае выданьне «Український кур’єр».
Яму выставілі падазрэньне ў жорсткім абыходжаньні з цывільнымі, што прывяло да гібелі людзей. Расейцу, паводле ўкраінскага заканадаўства, пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.
Адразу ж пасьля пачатку расьсьледаваньня суд завочна яго арыштаваў.
Страляў у аўтамабіль з надпісам «Дзеці»
Згодна з матэрыяламі расьсьледаваньня, Шахіну Шарыфзаду інкрымінуюць забойства цывільнага ўкраінца ў сяле Слабада Чарнігаўскай вобласьці, які спрабаваў вывезьці з акупаванага расейцамі населенага пункту сваіх дзяцей і пляменьніцу. Усяго ў машыне было 4 чалавекі, у тым ліку адна непаўналетняя.
Гэта адбылося 6 сакавіка 2022 году. Шарыфзад разам з дзесяцьцю іншымі расейскімі вайскоўцамі стаялі на перакрыжаваньні каля мясцовай крамы. Яны пабачылі аўтамабіль з надпісам «Дзеці» і загадалі кіроўцу спыніцца, а калі той выканаў іхнае патрабаваньне, то па аўтамабілі адкрылі агонь. Сьведкі сьцьвярджаюць, што па людзях выпусьцілі сама меней 15 стрэлаў.
Кіроўца загінуў на месцы. Адзін пасажыр атрымаў раненьні, іншыя не пацярпелі. Пасьля стральбы параненага выцягнулі з машыны, а Шарыфзад нацэліў на параненага свой аўтамат і выгукнуў: «В расход его!». Іншых ён пагражаў пасадзіць у падвал. Потым мясцовыя надалі параненаму першую дапамогу, але расейцы іх не адпусьцілі. Спачатку іх даставілі ў мястэчка Міхайла-Кацюбінскае, а потым — у Вішнёвае. Ужо адтуль, паводле сьледзтва, іх на вайсковым верталёце перавезьлі ў Беларусь. Там параненаму надалі мэдычную дапамогу, а ў траўні 2022 году ўсе яны змаглі самастойна вярнуцца дадому. У якім населеным пункце Беларусі іх утрымлівалі, у дакумэнтах не адзначаецца.
Што папярэднічала
Расейскія войскі 24 лютага 2022 году ўварваліся ў Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьці Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі.
У канцы сакавіка, пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў, стала вядома, што перад адыходам расейцы прымусова вывозілі мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, у Беларусь, а потым у Расею. Большасьць іх трапілі ў расейскі палон, іншых пакідалі ў Беларусі.
Праваахоўныя органы Ўкраіны па расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама справы на ўкраінскіх калябарантаў.
Першыя дні агрэсіі сталі сымбалямі жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў да цывільнага насельніцтва.
Якія факты фіксавалі раней
У сакавіку 2022 году з горада Барадзянка Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці вывезьлі сталую жанчыну. У Беларусі яе перавезьлі ў горад Ветка Гомельскай вобласьці і перадалі ў дом-інтэрнат для састарэлых. У чэрвені 2022 году ў выніку сардэчнай недастатковасьці яна памерла, і яе пахавалі на могілках у Ветцы. Ва Ўкраіне ў яе застаўся толькі ўнук.
У сакавіку або красавіку 2022 году расейцы прымусова вывезьлі з Барадзянкі Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці грамадзяніна Ўкраіны і пакінулі яго на тэрыторыі Беларусі. У траўні 2022 году ўкраінца перавезьлі ў вёску Холмеч Рэчыцкага раёну і зьмясьцілі ў мясцовы тэрытарыяльны цэнтар сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Ён жыў у аддзяленьні забесьпячэньня безупыннага знаходжаньня грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў, а 9 верасьня 2025 году памёр, маючы 86 гадоў. Украінца пахавалі на мясцовых могілках.
У сакавіку 2022 году ў Беларусь вывезьлі некалькі жыхароў Гастомелю Кіеўскай вобласьці, якіх доўга ўтрымлівалі ў няволі. Толькі некалькі зь іх змаглі выбрацца зь Беларусі ў Польшчу і такім чынам унікнуць расейскага палону.
Таксама ў сакавіку 2022 году расейцы затрымалі двух цывільных на адным з расейскіх блёк-пастоў у Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці і вывезьлі іх у Беларусь. Адзін зь іх быў непаўналетнім хлопцам.
У сьнежні 2023 году стала вядома аб сьмерці ў Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуавацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласьці. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў парадку абмену.