Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне асудзілі расейскага вайскоўца, які вывез у Беларусь украінскага падлетка зь мяшком на галаве

Расейскія вайскоўцы ў пачатку ўварваньня ў лютым 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы ў пачатку ўварваньня ў лютым 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне на 15 гадоў зьняволеньня асудзілі расейскага вайскоўца, які разам з трыма іншымі расейцамі ў сакавіку 2022 году затрымаў двух цывільных на адным з расейскіх блёк-пастоў у Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці і вывез іх у Беларусь. Адзін зь іх быў непаўналетнім хлопцам.

Як высьветлілі ўкраінскія сьледчыя, ім быў колішні ўкраінскі вайсковец, які да 2014 году служыў у Севастопалі, а пасьля анэксіі Расеяй Крыму перайшоў на расейскі бок. Яго асудзіў Іванкаўскі раённы суд Кіеўскай вобласьці за дзяржаўную здраду і парушэньне законаў і звычаяў вайны, паведамілі ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны.

Свабода расказвала пра гэтую гісторыю. Хлопцы вярталіся дадому на роварах ад сваёй сястры зь вёскі Прыбірск у Вышгарадзкім раёне.

Як гэта было

Пасьля затрыманьня расейцы праверылі іхныя дакумэнты, разьдзелі і аглядалі целы хлопцаў у пошуках тату. Калі нічога падазронага не знайшлі, загадалі ім чакаць, а паміж сабой пачалі размаўляць пра тое, што браты нібыта зьяўляюцца дывэрсантамі.

Праз гадзіну пасьля гэтага хлопцаў пасадзілі ў БТР з надпісам «V» і павезьлі іх у кірунку Чарнобылю. Па дарозе ім спачатку нацягнулі на галовы мяшкі для сьмецьця, а потым спыніліся, вывелі з БТР, зьвязалі клейкай стужкай рукі і пачалі біць, абвінавачваючы іх у дывэрсійнай дзейнасьці.

Потым братоў, адзін зь якіх быў непаўналетні, пасадзілі ў аўтобус і зь мяшкамі на галовах і зьвязанымі рукамі павезьлі ў невядомым кірунку. Празь нейкі час аўтобус спыніўся і іх завялі ў нейкае памяшканьне. Пасьля праверкі, якую праводзілі, як яны зразумелі па форме, беларускія памежнікі, братоў разьдзялілі — малодшага адправілі ў інтэрнат у Мазыр.

Пазьней украінскаму падлетку паведамілі, што яго перамесьцяць у дзіцячы будынак — спэцыяльны пэдагагічны цэнтар у Мазыры. Але дырэктарка гэтай установы зьвязалася з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, каб знайсьці бацькоў ці сваякоў хлопчыка. Іх знайшлі, і 22 красавіка 2022 году хлопец позна ўвечары вярнуўся дадому.

Раней лёс яго старэйшага брата быў невядомы. Цяпер у Офісе генэральнага пракурора паведамілі, што яго вывезьлі ў Расею і дагэтуль утрымліваюць у адной з расейскіх вязьніц.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG