Хроніка перасьледу 20 жніўня: пачынаецца завочны суд супраць пяці «каліноўцаў»

Суд у Віцебску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Пачынаецца завочны суд супраць пяці «каліноўцаў»

Менскі гарадзкі суд пачынае разгляд крымінальнай справы ў парадку спэцыяльнай вытворчасьці (завочна) ў дачыненьні да пяці прадстаўнікоў і ўдзельнікаў «Палка імя Каліноўскага», піша «Вясна».

Завочна судзяць 37-гадовага Мікалая Бойку, 31-гадовага Юрыя Макітава, 56-гадовую былую палітзьняволеную Натальлю Нікіціну, 28-гадовую Крысьціну Станкевіч і 41-гадовага Міхаіла Чупрынскага.

Паводле ранейшых зьвестак «Вясны», сьледчыя дзеяньні пачаліся 25 траўня 2026 году, а цяпер справу ўжо перадалі Генэральнаму пракурору для накіраваньня ў суд.

Ім інкрымінаваныя: арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады), арт.361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні), арт. 361-3 КК (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні ці ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу), арт. 290-5 КК (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі) і іншыя артыкулы.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 18 жніўня: у Беларусі затрымалі літоўскага бізнэсоўца, які кіраваў мэблевымі заводамі

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 17 жніўня: новыя суды за абразу прадстаўнікоў улады, у тым ліку Лукашэнкі