На захадзе Беларусі пачаліся вучэньні для адпрацоўкі навыкаў пры баявых дзеяньнях

Падчас вучэньняў

У Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях праходзяць двухбаковыя батальённыя тактычныя вучэньні, паведаміла Міністэрства абароны.

Мэта вучэньняў — «удасканаленьне навыкаў штабоў і камандзіраў у кіраваньні падразьдзяленьнямі падчас вядзеньня баявых дзеяньняў».

Таксама вайскоўцы адпрацуюць пераадоленьне водных перашкодаў і мінных загародаў.

«Асаблівая ўвага будзе нададзеная практычным дзеяньням у барацьбе зь бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі», — сказаў кіраўнік вучэньняў Іван Бычак.

У манэўрах удзельнічаюць 6 і 11-я мэханізаваныя брыгады з Горадні і Слоніма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі заявілі аб адсутнасьці вонкавай вайсковай пагрозы і аднаўленьні кантактаў з суседнімі краінамі ЭЗ

Чаму гэта важна

З пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў наяўнасьцю пагроз і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Што папярэднічала

3 чэрвеня ў Маскве на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў пра імаверны напад «калектыўнага Захаду» на Беларусь і Расею, — піша «Позірк».

26 чэрвеня на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і падрыхтоўцы да вайны.

Таксама Хрэнін і іншыя прадстаўнікі сілавога блёку рэгулярна заяўлялі пра актыўныя вучэньні краінаў NATO каля беларускіх межаў.

Пры гэтым 22 ліпеня падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку Хрэнін заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «адсутнасьць прыкметаў падрыхтоўкі да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

«Адсочваючы дзейнасьць узброеных сілаў краінаў NATO, мы ня бачым вялікай актыўнасьці. У суседніх краінах праходзіць мінімальная колькасьць вучэньняў — усяго адны, мінімальная колькасьць палётаў. Таму мы і лічым, што абстаноўка вакол Беларусі стабільная і нейкай пагрозы, напружаньня, падрыхтоўкі да раптоўнага нападу мы ня бачым», — сказаў міністар.

Менск падтрымлівае Маскву ў разьвязанай ёю ў лютым 2022 году поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На тэрыторыі Беларусі практычна бесьперапынна праходзяць вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У вайсковай выведцы Ўкраіны вызначылі ўмовы, пры якіх Расея можа паўтарыць наступ з поўначы