Хроніка перасьледу 18 жніўня: у Беларусі затрымалі літоўскага бізнэсоўцу

Суда Баранавіцкага раёну і горада Баранавічы. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У Беларусі затрымалі літоўскага бізнэсоўцу

Літоўца Вітаўтаса Сланкаўскаса, які ўзначальвае адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па перапрацоўцы драўніны ў Беларусі, у чэрвені затрымалі і зьмясьцілі пад варту. Пра гэта паведамляе Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачаньне LRT.

Паводле інфармацыі літоўскага вяшчальніка, мужчына працаваў кіраўніком унутранага аўдыту ў кампаніі «HS Belacon» з аўстрыйскім капіталам у Беларусі, а раней на працягу трох гадоў узначальваў кампанію.

Прычыны затрыманьня і падрабязнасьці перасьледу Вітаўтаса Сланкаўскаса пакуль невядомыя.

Міністэрства замежных спраў Літвы пацьвердзіла LRT, што амбасада Літвы ў Беларусі была паінфармаваная пра затрыманьне. Дадатковую інфармацыю ведамства не падае.

Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», у Беларусі за кратамі па палітычных матывах утрымліваюцца як мінімум 22 замежнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 12 жніўня: палітвязень Вацлаў Арэшка па атрадзе ў калёніі перасоўваецца навобмацак

Новае ў сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Міністэрства інфармацыі Беларусі дапоўніла сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў шэрагам кніг, Telegram-каналаў, а таксама старонак у сацыяльных сетках.

«Экстрэмісцкімі», паводле ўладаў Беларусі, цяпер зьяўляюцца:

  • сайт Усходняй стратэгічнай групы (каманды экспэртаў з досьведам работы ў галіне камунікацый, журналістыкі, сацыяльных навук і русістыкі, якая зьяўляецца часткай дыпляматычнай службы Эўразьвязу, якую ўзначальвае Высокі прадстаўнік ЭЗ (рашэньне суда Ленінскага раёну Магілёва ад 3 жніўня),
  • кнігу расейскага журналіста Алега Кашына «Добейте выживших. Истоки и смысл русского трампизма» (рашэньне суда Кастрычніцкага раёну Менску ад 31 ліпеня),
  • старонку ў Instagram колішняй кіраўніцы прадстаўніцтва дэмакратычных сіл ва Ўкраіне Сьвятланы Шацілінай (рашэньне суда Баранавіцкага раёну і горада Баранавічы ад 3 жніўня),
  • старонка выданьня «Мэдыя-Палесьсе» у TikTok (рашэньне суда Ленінскага раёну Берасьця ад 10 жніўня).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 14 жніўня: улады прызналі «экстрэмісцкімі» выдадзеныя амаль 20 гадоў таму кнігі

Прадпрымальніка асудзілі па артыкуле аб садзейнічаньні «экстрэмізму»

37-гадовага Дзяніса Халайдава з Клічава асудзілі па артыкуле аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 КК), піша «Наша Ніва». Справу Дзяніса разглядаў Магілёўскі абласны суд, яго адправілі на так званую хатнюю хімію. Прысуд набыў моц, прозьвішча Дзяніса 14 жніўня зьявілася ў так званым «сьпісе экстрэмістаў», які вядзе МУС.

Вядома, што Дзяніс скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт, у 2022 годзе стварыў ІП, якое спэцыялізуецца лесаводзтве і дрэваапрацоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 17 жніўня: новыя суды за абразу прадстаўнікоў улады, у тым ліку Лукашэнкі

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».