Чысты прыбытак рэзыдэнтаў парку «Вялікі камень» скараціўся амаль у два разы

Ілюстрацыйнае фота

У студзені—чэрвені 2026 году замежнагандлёвы абарот рэзыдэнтаў індустрыяльнага парку «Вялікі камень» склаў 512,8 мільёна даляраў — на 32,7% больш за ўзровень аналягічнага пэрыяду 2025 году.

Як паведаміла выданьне «Позірк» з спасылкай на аналіз зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, экспарт склаўся на ўзроўні 246,1 мільёна даляраў (162,4 мільёна; +51,5%), імпарт — 266,7 мільёна (224 мільёна; +19,1%), адмоўнае сальда — 20,6 мільёна (у студзені—чэрвені 2025 году таксама было адмоўным — 61,6 мільёна; зьніжэньне ў тры разы).

Экспарт тавараў павялічыўся на 57,5 % да 112,3 мільёна даляраў, а імпарт — на 56,1% да 64,3 мільёна.

Экспарт паслуг павялічыўся на 46,9% да 133,8 мільёна даляраў, а імпарт — на 56,1% да 64,3 мільёна даляраў.

Выручка павялічылася на 26,3 % (з 755,2 мільёна рублёў у студзені—чэрвені 2025 году да 953,9 мільёна рублёў за паўгоду 2026-га, а чысты прыбытак скараціўся ў 1,9 раза (з 160,4 мільёна да 86,1 мільёна).

Наўпроставыя замежныя інвэстыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасьці наўпроставаму інвэстару за тавары, работы і паслугі) зьнізіліся на 29,8 % да 19,1 мільёна даляраў, а інвэстыцыі ў асноўны капітал — на 25,7% да 152,8 мільёна рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму разьвіцьцё адносін з Кітаем — нацыянальны інтарэс Беларусі? Адказвае былы дыплямат Павал Мацукевіч

Што папярэднічала і чаму гэта важна

У пачатку жніўня першы намесьнік генэральнага дырэктара індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» Кірыла Карацееў заявіў, што рэалізацыя кітайскіх праектаў запаволілася праз геапалітычную напружанасьць, войны і санкцыі.

«Калі казаць аб стане выкананьня работ, то тут, напэўна, патрэбна вылучыць дзьве тэндэнцыі. Першая — гэта тыя кампаніі, якія прыйшлі да 2022 году і пачалі свае праекты рэалізоўваць да 2022 году. Адпаведна, яны і працягваюць інвэставаць сёньня. То бок гэта зьвязана з набыцьцём станкоў, абсталяваньня, з мадэрнізацыяй, з пашырэньнем вытворчасьці. Прычым гэтая тэндэнцыя характэрная для ўсіх кітайскіх кампаніяў, бо яны адчулі рынак, яны разьвіваюцца, пашыраюць свае продажы», — сказаў Карацееў у этэры беларускай тэлевізіі.

Паводле яго, у парку цяпер працуюць 173 рэзыдэнты, 67 зь якіх маюць кітайскі капітал. Кошт рэалізаваных праектаў складае больш за адзін мільярд даляраў — 630 мільёнаў ужо асвоілі, а да 2030 году плянуюць укласьці яшчэ 400 мільёнаў даляраў.

«Разам з тым ёсьць і нэгатыўны трэнд. На жаль, гэта тычыцца новых праектаў. Зноў жа, прычыны аб’ектыўныя — гэта ваенны канфлікт, гэта санкцыйная палітыка Захаду датычна Беларусі. Адпаведна кітайскія кампаніі ацэньваюць рызыкі. Зразумела, што большасьць кітайскіх кампаніяў транснацыянальныя, яны маюць вытворчасьць і збыт у ЗША і Эўропе», — сказаў Кірыла Карацееў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У парку «Вялікі Камень» запаволілася выкананьне кітайскіх праектаў, пад Менскам тэрмінова дабудоўваюць склад Wildberries
  • Індустрыяльны парк «Вялікі Камень» ствараецца ў Смалявіцкім раёне з удзелам кітайскіх інвэстыцыяў, мае асаблівы праўны рэжым і падатковыя льготы.
  • Парк вырашылі пабудаваць у 2011 годзе, у 2014-м зарэгістравалі першага рэзыдэнта.
  • Праект разьлічаны на выкарыстаньне транспартна-лягістычных магчымасьцяў Беларусі, але ад 2020 году застаецца пад пытаньнем з прычыны палітыкі ўладаў Беларусі, якая ўскладніла адносіны з Захадам пасьля выбараў прэзыдэнта і ў выніку жорсткага разгону акцыяў пратэсту.