У гарах у Кыргызстане знойдзеныя целы — імаверна, зьніклых раней беларускіх альпіністаў

Альпіністы зніклі без вестак на вяршыні Курумды.

Пра «самую цяжкую навіну за ўсе гэтыя дні» паведамляецца на партале kurumdy.by, створаным з мэтай садзейнічаньня пошукам альпіністаў, зьніклых у гарах у Кыргызстане.

«Раніцай 16 жніўня пры аблёце схілу дрон зьняў месца сходу сьнежна-каменнай масы. Пры разборы запісаў у вынасе, побач са знойдзенымі раней рэчамі, выяўленыя целы. З высокай імавернасьцю гэта ўдзельнікі групы», — гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе Позірк.

Адзначаецца, што канчатковае апазнаньне целаў «магчыма толькі пасьля спуску», да гэтага часу партал не будзе «называць ні імёнаў, ні якіх-небудзь падрабязнасьцяў».

«Сем’і пра ўсё ведаюць», — падкрэсліваецца ў публікацыі.

«Адно мы можам сказаць упэўнена, і для нас гэта важна. Знаходкі на схіле злучае вяроўка: хлопцы ішлі ў адной зьвязцы. Ніжэй па схіле мы за гэтыя дні знайшлі рэчы ўсіх траіх. Гэта значыць, што група не падзялялася, у момант аварыі яны былі разам і застаюцца разам цяпер. Ніхто з іх не застаўся на схіле адзін», — адзначаецца на сайце.

Што папярэднічала

9 жніўня стала вядома, што пасьля ўзыходжаньня на пік Курумды 4 жніўня перасталі выходзіць на сувязь два беларускія і адзін літоўскі альпіністы.

43-гадовы Максім Палянскі, 60-гадовы Мікалай Сьвірыдаў і 37-гадовы літоўскі альпініст Сяргей Рубцоў падняліся на пік Курумды вышынёй 6613 мэтраў 1 жніўня і абвясьцілі, што пачнуць спуск 2 жніўня. Яны зьвязаліся з апэратарам і паведамілі, што гатовыя рухацца ў бок базавага лягера. У прызначаны час 4 жніўня група не прыйшла на кантрольны пункт. Дагэтуль невядома, дзе цяпер альпіністы.

Кіргіскія ратавальнікі знайшлі намёт зьніклых, аднак унутры нікога не было.

Сваякі беларускіх альпіністаў абвяшчалі збор сродкаў, неабходных для пошуку зьніклых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіргізстане празь сьнегапад спынілі пошукі зьніклых беларускіх альпіністаў. Сваякі разьлічваюць, што яны жывыя