У Асьвеі ўзарвалі адзін з самых высокіх будынкаў мястэчка

За 200 мэтраў ад зьнесенага будынку месьцяцца руіны палаца Гільзэнаў і Шадурскіх канца XVIII стагодзьдзя.

15 жніўня МНС паведаміла, што кантраляваным выбухам пасьпяхова зруйнавалі трохпавярховы пакінуты будынак.

Хоць больш ніякай інфармацыі пра будынак не паведамілі, відавочна, што гаворка ідзе пра былую школу-інтэрнат, закрытую летам 2003 году — іншых такіх масіўных трохпавярховікаў у Асьвеі проста няма.

Перад закрыцьцём у школе-інтэрнаце было 100 выхаванцаў з асаблівасьцямі разумовага разьвіцьця і 14 сіротаў. Працавалі ў ёй 78 чалавек, пісаў БелаПАН.

Улады Верхнядзьвінскага раёну нейкі час спадзяваліся знайсьці інвэстара для ператварэньня будынка ў гасьцінічны коплекс і нават рабілі дробны рамонт.

Сёлета ў траўні гэты будынак 1961 году яшчэ спрабавалі прадаць за крыху больш як 113 тысяч рублёў, але пакупнікоў не знайшлося. Агульная плошча памяшканьняў была амаль 4500 м².

Паводле Белстату, два гады таму ў Асьвеі жыло крыху больш за 900 чалавек, пры тым што ў 1970-я колькасьць жыхароў набліжалася да 2,5 тысяч. Забудова мястэчка пераважна адна- двухпавярховая.

Навіны пра знос пакінутых будынкаў прыходзяць з Асьвеі рэгулярна. А ў 2021 годзе ў мястэчку зьнесьлі дом культуры — гэтак жа, накіраваным выбухам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На Віцебшчыне зьліквідавалі яшчэ чатыры сельскія населеныя пункты

Чаму гэта важна

Беларускія ўлады ня раз заяўлялі, што трэба падтрымаць жыхароў вёскі, на гэта была скіраваная дзяржаўная праграма разьвіцьця аграгарадкоў, будаўніцтва ў вёсках жыльля, сацыяльных і гаспадарчых аб’ектаў, фэрмаў. Але ў краіне надалей працягваецца спад долі сельскага насельніцтва.