У ноч на суботу, 15 жніўня, Расея атакавала Ўкраіну 152 бесьпілётнікамі, 124 зь якіх былі зьбітыя, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
У горадзе Марганец Днепрапятроўскай вобласьці уначы ад расейскага ўдару загінула трохмесячнае дзіця. Расейскі дрон трапіў у шматкватэрны жылы дом. Сярод пацярпелых — дзеці 5 і 12 гадоў. Усяго параненыя 11 чалавек, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Ганжа. Раніцай у суботу расейскія войскі атакавалі Паўлаград. Два чалавекі атрымалі раненьні.
Падчас расейскай атакі на Адэскую вобласьць разбураны будынак абутковай фабрыкі, там пачаўся пажар; загарэўся таксама закінуты прыватны дом, паведамляе галоўнае ўпраўленьне Дзяржаўнай службы ў надзвычайных сытуацыях па Адэскай вобласьці. Пры гэтым у Мінабароны Расеі заявілі, што расейскія войскі ўразілі інфраструктуру порту «Ізмаіл», якую выкарыстоўваюць «для захоўваньня, пагрузкі і транспартаваньня вайсковых грузаў і паліва для патрэбаў УСУ», а таксама склад з вайскова-тэхнічнай маёмасьцю ў порце «Адэса», перадае «Настоящее время».
Тры чалавекі атрымалі раненьні ў выніку расейскіх атак на Запароскі раён, паведаміў кіраўнік вайсковай адміністрацыі Запароскай вобласьці Іван Фёдараў. Усе яны былі ў аўтамабілях, якія атакавалі расейскія FPV-дроны. Яшчэ два чалавекі атрымалі раненьні пры атацы дронаў на камбайн, які працаваў у полі. Уначы расейскія дроны ўдарылі па гандлёвым цэнтры і прамысловым прадпрыемстве ў Запарожжы.
У Хэрсонскай вобласьці пры атацы на цывільныя аўтамабілі параненыя чатыры чалавекі. Дрон таксама пацэліў у жылы двухпавярховік. За папярэднія содні ў выніку расейскіх абстрэлаў у вобласьці атрымалі раненьні 28 чалавек.
Раніцай у суботу расейскі «Шахед» атакаваў фэрмэрскую гаспадарку ў Баштанскім раёне Мікалаеўскай вобласьці. Мужчын 41 і 46 гадоў шпіталізавалі ў стане сярэдняй цяжкасьці. Зьнішчаны грузавы аўтамабіль, пашкоджаны дах складу, загарэлася прыбудова, — паведаміў у тэлеграме выканаўца абавязкаў начальніка абласной вайсковай адміністрацыі Георгі Рашацілаў.
Украіна нанесла ракетны ўдар па РКЦ «Прагрэс» у Самарскай вобласьці
У Самары ўначы пад ракетны удар трапіла зазнала «прамысловае прадпрыемства», паведаміў губэрнатар Самарскай вобласьці Вячаслаў Фядорышчаў. Ён не ўдакладніў, пра якое менавіта прадпрыемства ідзе гаворка. Пазьней Фядорышчаў напісаў, што загінулых у выніку атакі няма, пацярпелі два чалавекі. Мэр Самары Іван Наскоў таксама паведаміў пра пацярпелых, але не назваў ніякіх лічбаў.
Украінскія маніторынгавыя тэлеграм-каналы пішуць, што адна з ракет пацэліла ў галоўны цэх РКЦ «Прагрэс» — буйнога прадпрыемства расейскай ракетна-касьмічнай галіны, дзе вырабляюць ракеты сямейства «Саюз». Там усчаўся пажар.
OSINT-аналітык выданьня ASTRA сьцьвярджае, што ў выніку атакі ў Самары загарэўся цэх авіяцыйнага заводу «Авіякор» або «РКЦ „Прагрэс“» — гэтыя прадпрыемствы месьцяцца побач.
Меркавана, удар быў нанесены ўкраінскімі крылатымі ракетамі вялікай далёкасьці «Флямінга». Галоўны канструктар украінскай кампаніі Fire Point, якая вырабляе «Флямінга», Дзяніс Шцілерман апублікаваў у сацсетцы X відэа запуску ракеты і відэа з наступствамі ўдару.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў паражэньне ў Самарскай вобласьці РФ аднаго з ключавых прадпрыемстваў «Раскосмасу» — цэнтру «Прагрэс», які займаўся, у прыватнасьці, вытворчасьцю электронікі.
«Выкарыстоўваліся ракеты „Флямінга“, добрае дасягненьне. Адлегласьць ад нашай мяжы — каля 900 кілямэтраў.
Нашыя далёкабойныя санкцыі таксама дасягнулі аэрадрому „Савасьлейка“, дзе базуюцца носьбіты расейскіх ракетаў, якія б’юць па нашых гарадах і вёсках. Гэта каля 700 кілямэтраў ад Украіны.
Зафіксаваныя і неабходныя нам пашкоджаньні нафтавага аб’екта на тэрыторыі населенага пункту Усьць-Луга. Адлегласьць — больш за 800 кілямэтраў ад нашай мяжы», — напісаў ён у тэлеграме.
Паводле Зяленскага, украінскі плян «далёкабойных санкцыяў» супраць Расеі за гэтую вайну выконваецца, і важна, каб расейскі ваенны патэнцыял зьмяншаўся.
«Мір патрэбны, і ў Расеі гэта павінна быць бачна — праз канкрэтныя пашкоджаньні канкрэтных аб’ектаў», — дадаў прэзыдэнт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вольга Зазулінская: Трэба заслужыць давер беларусаў ва ЎкраінеУ Расеі заявілі пра перахоп амаль 600 ўкраінскіх дронаў за ноч
Пра ўдар па вайсковым аэрадроме Савасьлейка ў Ніжагародзкай вобласьці паведамілі і ўкраінскія маніторынгавыя каналы. Мяркуецца, што менавіта там базуюцца самалёты МіГ-31К — носьбіты ракетаў «Кінжал». Мясцовыя ўлады гэтага не пацьвярджалі.
Губэрнатар Маскоўскай вобласьці Андрэй Вараб’ёў паведаміў, што, пакуль СПА адбівала атаку ўкраінскіх дронаў на рэгіён, у Шатуры бесьпілётнік трапіў у прыватны дом. Пацярпелі два чалавекі, у тым ліку дзевяцігадовае дзіця. Хлопчыка шпіталізавалі ў цяжкім стане.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў пра зьнішчэньне 15 бесьпілётнікаў, якія ляцелі на сталіцу. У Тульскай вобласьці ўлады паведамілі пра 22 зьбітыя дроны, у Яраслаўскай — пра 5 нэўтралізаваных бесьпілётнікаў. Прызначаны Расеяй кіраўнік анэксаванага Севастопалю Міхаіл Разважаеў паведаміў пра 5 зьбітых дронаў.
Пасьля атакі ўкраінскіх дронаў на Растоўскую вобласьць каля тысячы жыхароў Мілераўскага раёну засталіся без электрычнасьці, паведаміў выканаўца абавязкаў губэрнатара Юры Сьлюсар.
Пензенскі губэрнатар Алег Мельнічэнка напісаў пра пажар на сельгаспрадпрыемстве ў выніку атакі бесьпілётнікаў. Паводле яго, пацярпелых няма.
Праз атакі часовыя абмежаваньні ўводзіліся ў аэрапортах Казані, Ніжняга Ноўгараду, Самары, Саратава, Ульянаўску, Чабаксараў, Сочы, Пскова, Валгаграду, Пензы і Яраслаўлю, а таксама ў маскоўскіх аэрапортах Дамадзедава, Унукава і Жукоўскі і ў пецярбурскім Пулкаве.
Мінабароны Расеі заявіла пра перахоп і зьнішчэньне 598 украінскіх бесьпілётнікаў над рэгіёнамі Расеі, анэксаваным Крымам, Азоўскім і Чорным морамі. Пры гэтым Самарская вобласьць, куды прыляцелі «Флямінга», у зводцы ня згадваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна ўвяла санкцыі супраць дзьвюх беларускіх кампаній, датычных да «незаконнага вывазу збожжа» з акупаваных тэрыторыйВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.