Вольга Зазулінская: Трэба заслужыць давер беларусаў ва Ўкраіне

Вольга Зазулінская. Архіўнае фота

Вольга Зазулінская ўзначаліць місію дэмакратычных сілаў Беларусі ва Ўкраіне. Раней яна была прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту па сацыяльнай палітыцы.

Зазулінская плянуе пераехаць ва Ўкраіну і ўжо кансультуецца наконт легалізацыі. Сярод галоўных прыярытэтаў яна называе праблемы беларусаў ва Ўкраіне, у тым ліку пытаньні міграцыйнага статусу і пратэрмінаваных пашпартоў. Яна таксама кажа, што хоча спачатку сустрэцца зь беларусамі ва Ўкраіне і разам зь імі вызначыць асноўныя кірункі працы місіі. Сьвятлана Шаціліна пакінула пасаду кіраўніцы місіі пасьля 11 месяцаў працы.

— Як атрымалася, што пакінулі пасаду прадстаўніцы ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту і ўзначаліце місію дэмакратычных сілаў ва Ўкраіне? Што за гэтым стаіць?

— Насамрэч не было ніякіх кулуарных працэсаў. Проста была сытуацыя, калі, як я разумею, Сьвятлана Шаціліна хацела сысьці або з кімсьці абмяркоўвала свой сыход. І мне прапанавалі: можа, я хацела б узначаліць місію. З улікам таго, што мне цікавая Ўкраіна і я разумею, што там ёсьць з чым працаваць, я пагадзілася.

— Ва Ўкраіне ідзе вайна. Расейцы амаль кожны дзень Кіеў абстрэльваюць. Гэтая рызыка вас не палохае?

— Не палохае. Я больш за год ужо жыву Ўкраінай, я ўсё гэта бачыла. Я ж ня еду туды ўпершыню, не разумеючы, што там адбываецца. Мне падаецца, тут крыху іншае. Насамрэч і ў Эўропе беларусы могуць адчуваць сябе небясьпечна, і ня толькі ва Ўкраіне. Так, ідзе вайна, гэта ўсё складана, але трэба працаваць і там, дзе ідзе вайна.

— Што вы бачыце самым галоўным кірункам сваёй працы ва Ўкраіне? Што будзеце вырашаць найперш?

— Найперш я хачу сустрэцца з беларусамі, якія жывуць ва Ўкраіне, і паразмаўляць зь імі, як яны бачаць прыярытэты працы місіі, галоўныя кірункі, па якіх трэба працаваць. З большага мы разумеем, якія запыты ёсьць у беларусаў ва Ўкраіне. Трэба проста паразмаўляць наконт стратэгіі: як мы будзем працаваць і дзе можам узмацняць адзін аднаго. Бо пакуль тое, што я бачу, — усе чамусьці сварацца, як звычайна.

— Сьвятлана Шаціліна гаварыла пра недахоп камунікацыі і эфэктыўнасьці працы. Яна спадзяецца, што, паколькі вы працавалі ў Аб’яднаным пераходным кабінэце, вам будзе прасьцей спраўляцца з гэтай праблемай. Як вы ацэньваеце, чаму Сьвятлана прыняла такое рашэньне і што насамрэч было праблемай?

— Я не ведаю, чаму яна прыняла такое рашэньне. Калі казаць, што бракавала камунікацыі, то з кім? З калегамі, з інстытутамі, зь беларусамі ва Ўкраіне? Любая камунікацыя адбудоўваецца. Беларусы ва Ўкраіне — гэта супольнасьць, якая кожны дзень жыве ва ўмовах вайны. Там значна складаней адбудоўваць камунікацыю, і на гэта затрачваецца шмат часу. Трэба заслужыць давер людзей. Я не магу сказаць, што мне будзе лягчэй. Нікому не будзе лягчэй — ні мне, ні таму, хто будзе працаваць пасьля мяне. Проста трэба намагацца працаваць. А наконт Сьвятланы — мне падаецца, толькі яна ведае сапраўдную прычыну, чаму яна сышла.

— Вы пераяжджаеце ва Ўкраіну на стала?

— Пакуль я шукаю шляхі, як легалізавацца ва Ўкраіне. Я легалізаваная ў Літве. Зараз я еду ва Ўкраіну, мне трэба зрабіць візу, каб уехаць. А потым будзем кансультавацца, празь якія мэханізмы я магу легалізавацца ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» абвясьцілі пра новае прызначэньне ў Аб’яднаным пераходным кабінэце

— Вы ўжо казалі, што пытаньне легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне будзе адным з галоўных у вашай працы. Якая сытуацыя цяпер? Колькі беларусаў маюць праблемы з легалізацыяй?

— Ёсьць розныя групы. Ёсьць, напрыклад, беларусы, якія не легалізаваныя. Ёсьць цывільныя, у якіх пратэрмінаваныя пашпарты. На адной з сустрэч нам папярэдне сказалі, што крыху больш за сто беларусаў ва Ўкраіне ўжо маюць пратэрмінаваныя пашпарты. Але я гэтых дадзеных на ўласныя вочы не бачыла, таму мне цяжка казаць. Хтосьці кажа пра тры тысячы, хтосьці — пра крыху больш за сто. Мне хацелася б, па-першае, стварыць нейкую службу кансультацый па міграцыйных пытаньнях. Не ўкраінскую службу, а нашу — каб людзі маглі зьвяртацца, а мы маглі паглядзець на гэтую праблему больш сыстэмна: якія ёсьць выпадкі і зь якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы. У АПК, пакуль я працавала, нам прыходзілі вельмі розныя запыты наконт легалізацыі ва Ўкраіне. Напрыклад, ёсьць выпадак, калі дзіця ва ўзросьце двух гадоў прыехала з маці ва Ўкраіну і было легалізаванае па яе дакумэнтах. У маці была пасьведчаньне на сталае знаходжаньне ва Ўкраіне. Але цяпер дзіцяці 18 гадоў, і яно ўжо ня можа быць легалізаванае на падставе таго дакумэнту, па якім было легалізаванае раней. Пры гэтым у яго няма беларускага пашпарту. Што рабіць у такім выпадку? Чалавек ня можа паехаць у Беларусь і ня можа легалізавацца паводле ранейшага мэханізму. Трэба знайсьці нейкае рашэньне.

Таму мне падаецца, што было б вельмі добра адкрыць такую кансультацыйную службу, каб мы маглі размаўляць зь беларусамі і сапраўды разумець, якія ў іх праблемы, а не чытаць лёзунгі ў сацыяльных сетках, а нарэшце сесьці і заняцца гэтымі пытаньнямі.

— Вы на працягу году неаднойчы былі ва Ўкраіне. Які ўзровень кантактаў вы ўжо маеце ва Ўкраіне, каб вырашаць гэтыя пытаньні?

— Я з усімі афіцыйнымі асобамі, інстытутамі я ўжо правяла сустрэчы, з усімі сустрэлася, з усімі паразмаўляла. Проста я такі чалавек: ніколі не буду пра гэта расказваць у сацыяльных сетках ці рабіць нейкія інтэрвію. Я так не працую. Я люблю працаваць ціха, пакуль няма выніку. Вось будзе вынік, які можна паказаць, — тады можна выходзіць у публічную прастору і расказваць: вось, вось, вось, ёсьць вынік, мы гэта зрабілі.

— А што будзе з вашай спадчынай на пасадзе прадстаўніцы АПК па сацыяльных пытаньнях? Вас замяняе Юлія Міцкевіч, ваша першая намесьніца. Ці будзе нешта стратэгічна мяняцца? Якія вашы пажаданьні?

— Юлія ўжо стала выконваць абавязкі, але ёсьць працэдура, паводле якой яе павінна зацьвердзіць Каардынацыйная рада. Я, напрыклад, калі прыходзіла два гады таму, першай праходзіла праслухоўваньне ў Каардынацыйнай радзе. Раней такога мэханізму не было. Проста ўмоўна прызначалі кагосьці ў АПК, і ўсё. Не было такога, каб за цябе галасавалі. Таму я ня ведаю, як гэтым разам будзе выглядаць працэдура. Юля зараз выконвае абавязкі. Каманда засталася, каманда працуе. Я спадзяюся, што і надалей каманда застанецца і будзе працаваць. Спадзяюся, што, магчыма, атрымаецца пашырыць склад каманды, таму што па-ранейшаму няма асобнага чалавека, які займаўся б міграцыйнымі пытаньнямі на палітычным узроўні. Гэта вельмі важнае пытаньне, якое сёньня паўстае і ва Ўкраіне, і ў Эўразьвязе, і ў ЗША. Нам патрэбна, каб гэтым кірункам займаўся ня проста адзін аддзел офісу Сьвятланы Ціханоўскай, а каб сапраўды была моцная каманда, якая можа працаваць у розных краінах. Але пакуль за тыя два гады, што я працавала, не знайшлося такога чалавека, які быў бы гатовы час ад часу працаваць бясплатна, таму што мы ня заўсёды атрымліваем заробкі і часам працуем як валянтэры.

Што тычыцца палітвязьняў, то, калі я працавала і закрывала гэтае пытаньне, магчыма, Юля вырашыць, што сама будзе ім займацца, а можа, прыйдзе іншы чалавек. Я ня ведаю. Я хачу, каб яны самі выбудавалі тое, што будуць рабіць далей. Стратэгічна нічога не зьменіцца. Прыярытэты застаюцца прыярытэтамі. На тое мы і прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы. Дзьве прыярытэтныя групы — палітвязьні і добраахвотнікі, а таксама ўсе іншыя ўразьлівыя групы паводле клясыфікацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. Так што будуць працаваць. Я спадзяюся, што будзе лепш, чым было. Трэба рухацца наперад.

— Вы пачалі казаць пра заробкі. Юлія Міцкевіч у інтэрвію сказала, што на некаторыя пасады будзе абвешчаны конкурс, а гэта будуць не прызначэньні. Людзі часта пытаюцца, якім чынам прадстаўнікі АПК атрымліваюць грошы за сваю працу.

— Трэба разумець, што няма такога паняцьця, як заробак. Яго няма. У нас ніхто не атрымлівае заробкаў. Мы працуем як праектная дзейнасьць. Калі мы напісалі праект і нам яго ўзгаднілі, і ў гэтым праекце ёсьць нейкая частка ганарару, вось гэта мы атрымліваем. Калі няма — не атрымліваем. Усё проста. Ніхто не дастае грошы з нейкага бюджэту, у нас няма ніякага сундука ці казны, адкуль кожны месяц дастаюць грошы і раздаюць людзям заробкі. Такога няма. Я часта чую пра дэфіцыт кадраў. Тут я пагаджуся — ён ёсьць. Калі ты шукаеш нейкага экспэрта ці спэцыяліста, ты гэта адразу адчуваеш. Але з другога боку — як мы шукаем? Мы шукаем у тым асяродзьдзі, у якім знаходзімся. Магчыма, ёсьць людзі, якія ня горшыя экспэрты, але яны па-за нашым колам. Можа, сапраўды варта абвяшчаць конкурсы, каб людзі ведалі, куды яны могуць даслаць сваю інфармацыю. Я ўпэўненая, што людзей яшчэ вельмі-вельмі шмат, якія хочуць быць карыснымі.

  • Сьвятлана Шаціліна пакінула пасаду кіраўніцы місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Ўкраіне пасьля 11 месяцаў працы. Яна сказала Свабодзе, што не пагаджаецца з сыстэмай узаемадзеяньня паміж офісам Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінэтам і місіяй ва Ўкраіне. Паводле Шацілінай, калі яна ўзначаліла місію, то прапанавала бачыць яе як «протаамбасаду», якая павінна працаваць па вызначаных кірунках. Для эфэктыўнай працы, на яе думку, неабходны належны ўзровень камунікацыі паміж місіяй, офісам Ціханоўскай і АПК. «Вось гэтага пэўнага ўзроўню камунікацыі не адбылося», — сказала Шаціліна.
  • Яна пажадала новай кіраўніцы місіі Вользе Зазулінскай як мага хутчэй увайсьці ў курс справаў. Паводле Шацілінай, Зазулінская мае пэўныя сувязі на чалавечым узроўні, паколькі раней працавала ў АПК. Шаціліна таксама адзначыла, што офіс Сьвятланы Ціханоўскай шмат зрабіў для таго, каб місія ва Ўкраіне была створаная. Пры гэтым яна параіла Зазулінскай быць больш настойлівай у наладжваньні камунікацыі з офісам Ціханоўскай і АПК. Шаціліна застаецца сябрам Каардынацыйнай рады і плянуе працягваць займацца ўкраінскім кірункам.
  • Як адзначыў для Свабоды Яраслаў Чарнагор, украінскі амбасадар у асаблівых даручэньнях для супрацы зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, гэта справа дэмакратычных сіл Беларусі – прызначэньне свайго прадстаўніка і вызначэньне напрамкаў яго працы. Паводле яго, украінскі бок ухваляем крокі, якія робяць дэмакратычныя сілы ў дачыненьні да Ўкраіны, і спрыяе супрацоўніцтву дзеля перамогі над расейскім агрэсарам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я некамфортная фэміністка». Інтэрвію з новай прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Юліяй Міцкевіч