Хроніка перасьледу 14 жніўня: улады прызналі «экстрэмісцкімі» выдадзеныя амаль 20 гадоў таму кнігі

Суд Заводзкага раёну Менску ўхваліў найбольш рашэньняў аб «экстрэмісцкіх» матэрыялах. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Міністэрства інфармацыі Беларусі дапоўніла сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў шэрагам кніг, Telegram-каналаў, а таксама старонак у сацыяльных сетках.

«Экстрэмісцкімі», паводле ўладаў Беларусі, цяпер зьяўляюцца:

  • зборнік артыкулаў розных аўтараў «Ненасілле і Беларусь», выдадзены ў Варшаве (Польшча) у 1999 годзе (рашэньне суда Заводзкага раёну Менску за 12 жніўня 2026 году),
  • кніга «Быкаў на Свабодзе (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе. — Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода), выдадзеная ў 2004 годзе (рашэньне суда Заводзкага раёну Менску за 12 жніўня 2026 году),
  • кніга Сяргея Скрабца «Кошт свабоды, ці Спавядальнасць апазіцыйнага палітыка », выдадзеная ў Менску ў 2019 годзе ў сэрыі «Беларуская турэмная літаратура» рашэньне суда Заводзкага раёну Менску за 12 жніўня 2026 году),
  • вучэбны дапаможнік вядомага беларускага палітоляга Ўладзіміра Роўды «Палітычная сістэма Рэспублікі Беларусь», выдадзены ў Вільні ў 2011 годзе (рашэньне суда Заводзкага раёну Менску за 12 жніўня),
  • кніга колішняга палітвязьня Паўла Севярынца «Пакаленьне Маладога Фронту. Гісторыя моладзі, народжанай у 1970 — 1985 гг»., выдадзеная ў Менску ў 2004 годзе (рашэньне суда Заводзкага раёну Менску за 12 жніўня),
  • кніга Пётра Рудкоўскага «Паўстаньне Беларусі», выдадзеная ў Вільні ў 2007 годзе (рашэньне суда Заводзкага раёну Менску за 12 жніўня).


Апроч таго, у «экстрэмісцкія» трапілі шэраг старонак у Instagram, TikTok, Threads, X, Укантакце, ОК і ў Telegram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад званка да званка. Расказваем пра тых палітвязняў, хто ўжо цалкам адбыў вялікі тэрмін і вызваліўся без памілаваньня

Сьпіс «экстрэмістаў» ужо налічвае прозьвішчы 6819 чалавек

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дапоўніла пералік грамадзян Беларусі, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў цэнтра «Вясна», улады дадалі 4 прозьвішчы:

  • былога палітвязьня Сяргея Крука, які выйшаў на волю ў траўні 2024 году,
  • Даніілу Штагге,
  • Дзяніса Халайдава,
  • Івана Луніна.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».