У Італіі адбыўся выбух на заводзе боепрыпасаў. Гэта другое такое здарэньне ў Эўропе ад пачатку тыдня

Дым над заводам KNDS Ammo Italy, 13 жніўня 2026 году

Непадалёк ад Рыму 13 жніўня адбыўся магутны выбух на заводзе KNDS Ammo Italy, дзе вырабляюць боепрыпасы сярэдняга і вялікага калібру для сухапутных і ваенна-марскіх сілаў, паведамілі міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы і італьянскія СМІ.

Перад выбухам на заводзе ўсчаўся пажар.

Людзі не пацярпелі, паведаміла кіраўніцтва кампаніі, перадае AFP.

Пра прычыну пажару пакуль не паведамілі.

У кастрычніку 2024 году група KNDS абвясьціла пра адкрыцьцё філіі ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Баўгарыя падазрае шасьцёх расейцаў у выбухах на складах са зброяй, прызначанай для Грузіі і Ўкраіны

Трыма днямі раней, 10 жніўня, пажар адбыўся на прадпрыемстве EMCO ў Баўгарыі. Агонь перакінуўся на склад з боепрыпасамі, і пачалася дэтанацыя. EMCO пастаўляе зброю Ўкраіне. На ейнай тэрыторыі ўжо адбываліся выбухі ў 2022 і 2023 гадах.

Уладальнік EMCO Эміліян Гебрэў раней заяўляў, што ў красавіку 2015 году агенты расейскага ГРУ спрабавалі атруціць яго ў баўгарскім горадзе Бургасе, дзе ён жыў. Экспэртыза ўстанавіла, што падчас замаху на бізнэсоўца выкарыстоўвалі рэчыва клясы «Навічок». Гебрэў зьвязваў замах з тым, што ягоная кампанія займалася пастаўкамі зброі Ўкраіне, а таксама з магчымым інтарэсам Расеі да ягонага бізнэсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін прыгразіў «люстэркавымі захадамі» ў адказ на затрыманьні караблёў расейскага ценявога флёту