У Грузіі ў аўтакатастрофе загінулі чатыры беларусы, яшчэ некалькі шпіталізаваныя

Грузія. Ілюстрацыйнае фота

У Грузіі ў аўтакатастрофе, якая адбылася ў горным курорце Гаміс Мта ў рэгіёне Гурыя, загінулі 4 грамадзяніна Беларусі і яшчэ 15 шпіталізаваныя з рознымі траўмамі, два зь іх знаходзяцца ў рэанімацыі.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на Міністэрства замежных спраў, сярод пацярпелых — шэсьць непаўналетніх дзяцей, якія атрымалі розныя траўмы.

У мікрааўтобусе Mercedes-Benz Sprinter знаходзіліся 19 грамадзян Беларусі.

«Паводле інфармацыі МУС Грузіі, кіроўца мікрааўтобусу не забясьпечыў бясьпечнае кіраваньне транспартным сродкам, у выніку чаго мікрааўтобус зьехаў з дарогі і ўпаў у цясьніну», — адзначылі ў МЗС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Бус надвае зламала, частка людзей вылецела праз вокны». Сьведка аварыі ў Грузіі, дзе загінулі чацьвёра беларусаў, расказаў падрабязнасьці

Беларусаў шпіталізавалі ў дзьве розныя лякарні, лекары сьцьвярджаюць, што пагрозы іхнаму жыцьцю няма.

«Амбасада Беларусі ў Грузіі надае ўсё неабходнае консульскае садзейнічаньне. Консул Беларусі ў Грузіі ўжо выехала на месца здарэньня», — адзначылі ў зьнешнепалітычным ведамстве.

Што папярэднічала

За апошні час гэта другая аўтакатастрофа ў Грузіі, у якой загінулі грамадзяне Беларусі.

Сёлета 25 ліпеня ў Батумі ў выніку сутыкненьня турыстычнага мікрааўтобуса з беларускімі пасажырамі і легкавіка загінулі два грамадзяніна Беларусі — 43-гадовая жанчына і мужчына 63 гадоў. Яшчэ 12 чалавек атрымалі рознай цяжкасьці траўмы.

Паводле відавочцаў, удар быў настолькі моцны, што некаторыя пасажыры выпалі з салёну. Ад удару мікрааўтобус перакуліўся, а легкавік урэзаўся ў будынак Батумскага ўнівэрсытэту мастацтваў.

МУС Грузіі вядзе сьледзтва, каб выявіць прычыны аварыі і вінаватых у ёй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы, якія пацярпелі ў аварыі ў Батумі, застаюцца ў шпіталях