Хроніка перасьледу 13 жніўня: у «справе Гаюна» затрымалі сама меней 220 чалавек

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі аб новым затрыманьні ў Наваполацку паводле так званай «справы Гаюна».

«Падрабязнасьці пра асобу і абставіны затрыманьня пакуль не паведамляюць, таму гаварыць пра канкрэтныя абвінавачаньні заўчасна. Аднак сам факт гэтага перасьледу паказвае, што справа працягвае працаваць як інструмэнт рэпрэсій», — адзначылі праваабаронцы.

Паводле іх, на чэрвень 2026 году вядома ўжо пра сама меней 220 чалавек, асуджаных паводле гэтай справе, аднак рэальная колькасьць фігурантаў значна большая — затрыманьні адбываюцца па ўсёй Беларусі і працягваюцца дагэтуль.

Першапачаткова затрыманым выстаўлялі абвінавачаньні ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу). Пакараньні прызначаюць розныя: ад «хатняй хіміі» і «хіміі» да рэальных тэрмінаў у калёніі. Таксама вядомыя выпадкі ціску на затрыманых і спробы прымусіць іх «адкупіцца» ад крымінальнага перасьледу праз так званыя добраахвотныя ахвяраваньні дзяржаўным установам.

Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» займалася зьбіраньнем зьвестак пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.

Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.

Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Адкуль вас столькі?» Што адбываецца зь пераследам за пратэсты 2020 году, у «справе Гаюна» і ў іншых гучных гісторыях

КДБ дадаў у сьпіс «тэрарыстаў» яшчэ 7 чалавек

  1. Дзяніс Адамін
  2. Аляксандр Аўдзевіч
  3. Яраслаў Галоўчанка
  4. Ніна Гнядзько
  5. Дзмітрый Літвін
  6. Святлана Мяцельская
  7. Яўген Шарлан

Цяпер у «тэрарыстычным сьпісе» 1475 чалавек, з якіх 726 — беларусы, піша «Вясна».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 12 жніўня: палітвязень Вацлаў Арэшка па атрадзе ў калёніі перасоўваецца навобмацак